Пошук

Vatican News
Кс. Гай Кансальманьё падчас сустрэчы з Францішкам Кс. Гай Кансальманьё падчас сустрэчы з Францішкам  (ANSA)

Ватыканскі астраном: нельга сысці ад праблем пакідаючы Зямлю

Для амерыканскага езуіта і дырэктара Ватыканскай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа кс. Гая Кансальманьё захапленне Сусветам мае ў тым ліку і глыбокае духоўнае вымярэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Чалавек адчувае голад не толькі фізічна, але і духоўна. Чалавек жыве не адным хлебам. Прыгажосць, якую мы знаходзім у зорках, – гэта не толькі знешняя прыгажосць. Яна кажа пра тугу ў нашай душы”, - сказаў навуковец у інтэрв'ю зальцбургскаму каталіцкаму тыднёвіку Rupertusblatt.

Для кс. Кансальманьё даследаванне Сусвету і вера ў Бога не выключаюць адно аднаго: “Мы знаходзім Бога ў Сусвеце, у яго парадку і прыгажосці”, але “я знаходжу Яго і ў сабе; Ён сам падштурхоўвае мяне глядзець і шукаць Яго". Езуіт, аднак, выключыў магчымасць таго, што калі-небудзь навука дакажа існаванне Бога, бо "гэта не яе праца". Бог, Якога можна было б растлумачыць навукова, быў бы меншым за навуку – і таму не быў бы Богам, у Якога мы верым”, - сказаў даследчык.

Кіраўнік ватыканскіх астраномаў лічыць праблемай пашырэнне эканамічнага выкарыстання космасу людзьмі. “Што тычыцца космасу, то пакуль няма пастаянных законаў, прымальных для ўсіх бакоў. Мільярдэры запускаюць спадарожнікі ў космас, што ўскладняе іншым рабіць навуковыя высновы з назіранняў за небам", - сказаў ён. На яго думку, факт неабходнасці законаў у космасе стане актуальным не пазней за першыя буйныя аварыі, выкліканыя касмічным смеццем. Езуіт перасцярог ад наіўнага меркавання, што можна сысці ад сваіх праблем пакідаючы Зямлю.

На пытанне, ці ёсць у космасе іншыя разумныя істоты, кс. Кансальманьё адказаў: “У мяне няма такіх дадзеных, таму ў мяне няма і падстаў верыць у гэта ці не. Але я думаю, што варта пашукаць. Магчыма, мы сапраўды ўнікальныя ў Сусвеце, а можа і не”.

Законнік патлумачыў, што фізічныя законы, якія дзейнічаюць на Зямлі, дзейнічаюць і на іншых планетах. Акрамя таго, можна меркаваць, што "закон дабра і зла дзейнічае і па-за зямлёй". Свабодная воля – гэта экзістэнцыяльны кампанент чалавечай душы. Яна прымае або адхіляе адносіны з Богам – “апошняе мы называем грахом". “Такім чынам, калі іншы разумны від таксама валодае свабоднай воляй і можа разарваць адносіны з Богам, "яму неабходна збаўленне гэтак жа, як і нам", - заўважыў ён.

Перавагай працы Ватыканскай абсерваторыі езуіт назваў доўгатэрміновасць яе праектаў. Гэта немагчыма ў іншых месцах, дзе трэба прадставіць вынікі не пазней за тры гады. "Дадзеныя і высновы, якія мы атрымалі, часта аказваліся вельмі важнымі для іншых навукоўцаў і ўстаноў", - прызнаўся астраном.

Гай Кансальманьё нарадзіўся ў 1952 г. у Дэтройце. Вучыўся ў Масачусецкім тэхналагічным інстытуце і атрымаў ступень доктара філасофіі ў Арызонскім універсітэце. Працаваў у шэрагу даследчых устаноў, у тым ліку ў Корпусе міру ў Кеніі. У 1989 г. ён уступіў у Таварыства Хрыста. З 1993 г. працуе ў Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі. Яго ўклад у астранамічныя даследаванні адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.
 

16 жніўня 2021, 13:35