Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Ватыканская дыпламатыя: аборт – гэта не "права чалавека"

Святы Пасад расчараваны дакладам, прынятым Еўрапейскім парламентам, у якім медыкаў прапануюць пазбавіць права на адмову ад здзяйснення аборту з меркаванняў сумлення, - заявіў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Зразумела, няцяжка ўявіць, якая пазіцыя Святога Пасаду ў гэтым пытанні. Мы супраць ідэі, што аборты – гэта права чалавека, - сказаў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі ў інтэрв'ю партугальскаму Rádio Renascença. На гэтым тыдні ён знаходзіўся з візітам у Лісабоне.

24 чэрвеня Еўрапейскі парламент прыняў так званы “Даклад Маціча”, які вызначае аборт як "першасную медыцынскую дапамогу" і імкнецца перагледзець права на адмову ад яго здзяйснення з меркаванняў сумлення. Арцыбіскуп Галахер выказаў расчараванне ліквідацыяй пункта аб сумленні. Ён адзначыў, што гэта тэндэнцыя, якая назіраецца ў многіх частках свету.

Каталіцкая радыёстанцыя таксама спытала, ці звязана рашэнне Францішка аб кароткай паездцы ў Венгрыю ў параўнанні з значна больш працяглым візітам у Славакію з яго стаўленнем да ўрада Віктара Орбана. "Не, гэта не рашэнне ўрада і ўладаў Венгрыі", - адказаў ён. “Папа з самага пачатку вельмі ясна даў зразумець, што едзе ў Будапешт выключна на завяршальную св. Імшу Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса", - падкрэсліў арцыбіскуп.

Іерарх таксама пракаментаваў ватыканскі саміт па сітуацыі ў Ліване, які прайшоў 1 ліпеня 2021 г. Ён выказаў надзею, што хрысціянскія лідары, вярнуўшыся на Радзіму, паўплываюць на сваіх вернікаў і палітыкаў. “Святы Айцец сказаў, што наведае Ліван, калі будзе сфарміраваны ўрад. Гэта вялікі стымул для фарміравання ўрада. Але могуць быць і іншыя візіты. Пачакаем і ўбачым", - падкрэсліў дыпламат.

“Мы стараемся рабіць невялікія крокі, рухацца наперад, назіраць за рэакцыяй. Але ў той жа час мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці з просьбай зрабіць усё, што ад яе залежыць, каб дапамагчы Лівану ў гэты крытычны час", - сказаў арцыбіскуп Галахер.

Наведаючы Партугалію, якая прыме Сусветныя дні моладзі ў 2023 г., ватыканскі іерарх сустрэўся з Аўгустам Сантасам Сілвам, Міністрам замежных спраў краіны.
 

10 ліпеня 2021, 12:01