Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: паважаць годнасць работнікаў марской сферы

Каронавірус, пірацтва, караблекрушэнні – пагрозы, на якія звяртаецца ўвага ў ватыканскім пасланні на Міжнародны дзень мора, які называецца таксама Нядзеляй мора. Сёлета ён будзе адзначацца 11 ліпеня.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пандэмія змяніла аблічча свету і працы ў моры, якая, нягледзячы на абмежаванні, ніколі не прыпынялася, адзначаецца ў дакуменце Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Падкрэсліваецца, што караблі ніколі не пераставалі перавозіць з аднаго порта ў іншы медыцынскае абсталяванне і лекі, неабходныя для падтрымкі барацьбы супраць распаўсюджвання віруса. “Каля 90% сусветнага гандлю перамяшчаецца дзякуючы караблям, ці, больш дакладана, працы 1,7 мільёна маракоў”: за гэта прэфект Дыкастэрыі, кардынал Пітэр Тарксан, выказаў работнікам марской сферы “падзяку, якая ператвараецца ў малітву”.

У пасланні звяртаецца ўвага на глыбокую супярэчнасць, прысутную ў свеце марской індустрыі, “вельмі глабалізаванай”, але прасякнутай фрагментацыяй нормаў адносна правоў і абароны працаўнікоў. У сувязі з гэтым Святы Пасад заклікае прызнаць работнікаў марской сферы асабліва важнымі, спрыяць рэгулярнай змене экіпажаў, а таксама даць ім прыярытэт у пытанні вакцынацыі. Дыкастэрыя нагадала таксама пра лёс каля 400 тыс. чалавек, якія ў сувязі з пандэміяй каронавіруса не змаглі своечасова вярнуцца дамоў і заставаліся ў далечыні ад сваіх сем’яў на працягу 18 месяцаў.

Пандэмія прымусіла гэтых людзей працаваць больш і аказала ўплыў на штодзённае жыццё іх сем’яў, ствараючы “ізаляванасць, самотнасць, разлучанасць і трывогу за сваіх блізкіх, якія знаходзяцца на адлегласці ў тысячы кіламетраў, а таксама няўпэўненасць за ўласную будучыню”. Усё гэта фактары, якія ўмацавалі фізічны і псіхалагічны стрэс на борце караблёў, што часам прыводзіла да трагічных наступстваў. Святы Пасад заклікаў глядзець на членаў марскіх экіпажаў не як на “працоўную сілу”, але як на “чалавечых істот” і арганізоўваць працу, клапоцячыся ў першую чаргу пра чалавечую годнасць, а не пра прыбытак.

У ватыканскім дакуменце звяртаецца ўвага на небяспеку пірацтва, выпадкі якога становяцца ўсё больш частымі. “Мы просім усе ўрады і міжнародныя арганізацыі распрацаваць доўгатрывалыя рашэнні ў адказ на біч пірацтва, усведамляючы неабходнасць вырашэння фундаментальнай праблемы няроўнасці ў размеркаванні дабротаў паміж краінамі і выкарыстання прыродных рэсурсаў”, - гаворыцца ў пасланні.

Святы Пасад нагадаў пра нечалавечыя ўмовы, у якіх усё часцей вымушаны працаваць работнікі марской сферы, і нярэдкія выпадкі караблекрушэнняў, заклікаючы забяспечыць маракоў страхоўкай, якая будзе пакрываць забеспячэнне вадой, медыцынскімі паслугамі і выдаткі на вяртанне дамоў.

Пасланне завяршаецца думкай, скіраванай да капеланаў і валанцёраў каталіцкай Марской душпастырскай службы Stella Maris, якія ў час пандэміі заўсёды знаходзіліся на службе маракам і рыбакам. Яны пакліканы працягваць быць “апосталамі, вернымі місіі абвяшчэння Евангелля”, дэманструючы “клапатлівае аблічча Касцёла, які прымае і становіцца блізкім да гэтай часткі Божага народу”, - напісаў кардынал Пітэр Тарксан.
 

07 ліпеня 2021, 10:33