Пошук

01121_17032010.JPG

Святы Пасад: даклад Упраўлення па фінансавым наглядзе за 2020 г.

Апостальская Сталіца ўвайшла ў лік найбольш эфектыўных міжнародных юрысдыкцый у некаторых галінах, напрыклад, у фінансах і барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта вынікае з апублікаванай 15 ліпеня 2021 г. Справаздачы за 2020 г. ватыканскага Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі (ASIF - Autorità di Supervisione e Informazione Finanziaria). Гэта дэталёвы аналіз мінулагодняй дзейнасці, станоўча ацэненай экспертамі Moneyval.

У дакладзе падкрэсліваецца эфектыўнасць супрацоўніцтва на ўнутраным і міжнародным узроўнях. У 2020 г. паступіла 89 паведамленняў аб падазронай дзейнасці, 16 з іх былі накіраваны ў ватыканскае Упраўленне прамотара справядлівасці. З іншымі структурамі Святога Пасаду адбыўся абмен 49 запытамі па 124 пытаннях: гэта значны рост у параўнанні з папярэднім годам, што пацвярджае павышэнне ўзроўню ўзаемадзеяння паміж установамі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан у сферы барацьбы з фінансавай злачыннасцю.

Упраўленне па наглядзе і фінансавай інфармацыі абмянялася з замежнымі падраздзяленнямі фінансавай разведкі 58 запытамі па 196 суб'ектах і адправіла 19 паведамленняў адносна 104 суб'ектаў.

У справаздачы адзначаецца прагрэсіўнае змяншэнне выкарыстання наяўных грошай у Ватыкане. Тэндэнцыя, гаворыцца ў дакуменце, звязана з увядзеннем іншых сістэм пераводу сродкаў, што ажыццяўляецца Інстытутам рэлігійных спраў - Ватыканскім банкам, уключаючы сістэму SEPA.

У дакладзе за 2020 г. гаворыцца аб станоўчай ацэнцы Moneyval эфектыўнасці функцыянавання сістэмы прафілактыкі і супрацьдзеяння фінансавання тэрарызму. Святы Пасад ацанілі паводле адзінаццаці крытэрыяў. Па ні адным з пунктаў не была атрымана ацэнка "нізкая эфектыўнасць". Міжнародныя эксперты адзначылі "істотную эфектыўнасць" па пяці напрамках, такіх як міжнароднае супрацоўніцтва і прафілактычныя меры; "умераная эфектыўнасць" была адзначана ў астатніх шасці.

Даклад – гэта яшчэ адзін крок да "абсалютнай празрыстасці інстытуцыйнай дзейнасці Дзяржавы Ватыкан", пра што пастаянна заяўляе папа Францішак.
 

15 ліпеня 2021, 12:36