Пошук

Vatican News
ZOOM-сустрэчы Сакратарыята Сінода з епіскапатамі свету ZOOM-сустрэчы Сакратарыята Сінода з епіскапатамі свету  

Генсек Сінода пра ўмацаванне сінадальнага самаразумення Касцёла

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў падкрэсліў глабальнае значэнне сінадальнасці і будучага Сінода. "Шмат хто лічыць, што сінадальнасць – гэта проста манія Папы", - заўважыў іерарх у інтэрв'ю Vatican News.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Марыё Грэк растлумачыў, што такое меркаванне – гэта вялікае непаразуменне. Сінадальнасць – гэта вырашальнае разуменне Касцёла як супольнасці, у якой усе вернікі могуць удзельнічаць адпаведна сваім магчымасцям і функцыям.

Паводле іерарха, у рамках падрыхтоўкі да сусветнага сінадальнага працэсу і Сінода Біскупаў ужо прайшлі папярэднія перамовы з старшынямі кантынентальных і нацыянальных біскупскіх канферэнцый. Адбыўся таксама абмен думкамі з Патрыярхамі Усходніх Цэркваў і епіскапатамі Бразіліі, Бурундзі і Антыльскіх астравоў. "Гэта былі вельмі добрыя і плённыя дыскусіі. Праз такія сустрэчы мы хочам перадаць паведамленне, што ўдзел усіх у сінадальным працэсе важны таксама ў пачатку праекта", - растлумачыў кардынал.

На гэтым тыдні сакратарыят Сінода абвясціў аб далейшай падрыхтоўцы да асамблеі, якая пачнецца восенню. Створаны дзве камісіі, члены якіх будуць разглядаць тэалагічныя і метадалагічныя пытанні. "Сусветны сінадальны працэс будзе каардынавацца спецыяльнай камісіяй. Акрамя таго, існуе камісія па камунікацыі", - заўважыў кардынал Грэк.

Гэтыя рабочыя групы павінны суправаджаць першы этап Сінода Біскупаў, які афіцыйна пачнецца ў кастрычніку на дыяцэзіяльным узроўні, а таксама другі, кантынентальны этап, які павінен пачацца летам 2022 г. Заключная сінадальная асамблея біскупаў сустрэнецца ў кастрычніку 2023 г.

Сінадальны працэс, запланаваны прыблізна на два гады, накіраваны на ўмацаванне сінадальнага самаразумення Каталіцкага Касцёла ва ўсім свеце і на развіццё важных тэм на будучыню як на рэгіянальным, так і на сусветным узроўнях.

Нядаўна Францішак прызначыў кардынала Жан-Клода Олерыша, Генеральным рэлятарам Сінода. У рамках функцыі арцыбіскуп Люксембурга будзе актыўна дзейнічаць у першую чаргу ў Сінадальнай асамблеі ў 2023 г., да гэтага часу ён будзе сачыць за працэсам.

У Каталіцкім Касцёле Сінод Біскупаў – гэта сход іерархаў, які служыць Пантыфіку ў якасці дарадчага органу па пэўных пытаннях. Францішак імкнецца больш шырока ўключыць у працэс і іншых вернікаў.
 

23 ліпеня 2021, 13:02