Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Фінансавая сітуацыя Святога Пасаду лепшая, чым прагназавалася

Святы Пасад падвёў вынікі цяжкага фінансавага года, які характарызаваўся скарачэннем выдаткаў ватыканскіх структур і ростам дапамогі Касцёлам у краінах, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта вынікае з фінансавай справаздачы Апостальскай Сталіцы за 2020 г., апублікаванай 24 ліпеня 2021 г.

Як адзначыў кс. Хуан Антоніа Герэра Алвес, прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, у 2020 г. вынік стаў "крыху лепшым”, чым прагназавалася, “вельмі блізкім да выніку звычайнага года”. У прыватнасці, базавы дэфіцыт на 14,4 млн. еўра ніжэйшы, чым у папярэднім годзе: ён склаў 64,8 млн. еўра. Аднак рэнтабельнасць фінансавых інвестыцый была меншай на 51,8 млн. еўра, а пазачарговы прыбытак – на 17,8 млн.еўра. Агульны дэфіцыт у 2020 г. склаў 11,1 млн. еўра, а ў гэтым годзе – 66,3 млн. еўра.

Прэфект папрасіў не забывацца, што гэта толькі справаздача Апостальскай Сталіцы, а ёсць іншыя структуры, такія як Губернатарат, Інстытут рэлігійных спраў, бальніцы, фонды, чые абавязацельствы і рызыкі таксама кладуцца на плечы Апостальскай Сталіцы. "Калі мы аб'яднаем усе гэтыя структуры, карціна будзе крыху горшай", - дадаў ён. Езуіт падзякаваў дыкастэрыям за фінансавую адказнасць і скарачэнне выдаткаў.

Што тычыцца ініцыятывы Грош св. Пятра, у 2020 г. было атрымана 44 млн. еўра, а 50 млн. еўра былі выдзелены на місію Святога Айца, і яшчэ 12 млн. еўра на дабрачынныя праекты ў розных краінах. Дадатковая сума ў 18 млн. еўра была ўзята з назапашаных раней сродкаў. У цэлым з 2015 па 2019 гг. ахвяраванні на Грош св. Пятра скараціліся на 23%, а ў 2020 г. – на 18%.

Кс. Герэра адзначыў, што агульны даход у 2020 г. скараціўся на 58,5 млн. еўра, што з'яўляецца вынікам памяншэння колькасці пілігрымаў і турыстаў і агульнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі. У той жа час узровень ахвяраванняў, перададзеных дыяцэзіямі свету, практычна не змяніўся – каля 55 млн. еўра.

Самае заўважнае ў справаздачы – скарачэнне выдаткаў. У параўнанні з 2019 г. выдаткі на праезд і правядзенне мерапрыемстваў скараціліся на 6,2 млн. еўра, "камерцыйныя" выдаткі – на 4,9 млн. еўра. Былі адкладзены рамонты, што знізіла выдаткі на 4,6 млн. еўра. Акрамя таго, нунцыятуры “зацягнулі паясы” і скарацілі выдаткі на 4 млн. еўра, кансультацыйныя паслугі таксама скараціліся на 1,6 млн. еўра, што на 19% менш, чым у папярэднім годзе. Адзіны пункт, які не змяніўся, – гэта падаткі, сума якіх склала, як і летась, 18,8 млн. еўра.

Па словах прэфекта Сакратарыята па эканамічных пытаннях, пандэмія "дапамагла дыкастэрыям зразумець свае слабыя месцы, вызначыць напрамкі да паляпшэння і зрабіць станоўчыя крокі на шляху да рэформ".
 

24 ліпеня 2021, 13:49