Пошук

Лагатып Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Лагатып Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 

Ватыканскі дыпламат пра новы статус Святога Пасаду ў СААЗ

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе пракаментаваў атрыманне Апостальскай Сталіцай афіцыйнага статуса ў СААЗ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Арцыбіскуп Іван Юркавіч заўважыў, што Рэзалюцыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб наданні Святому Пасаду статуса назіральніка, прынятую 31 мая 2021 г., трэба разглядаць у перспектыве высілкаў і рашэнняў Апостальскай Сталіцы, прынятых у мінулым, а таксама намаганняў, прадугледжаных на будучыню.

“На маю думку заўсёды было відавочным, што прысутнасць Каталіцкага Касцёла ў свеце заўважная дзякуючы дзвюм вельмі важным відам сацыяльнай дзейнасці: першая – гэта сістэма адукацыі, якая ахоплівае каля 300 тыс. школ і тысячы каталіцкіх універсітэтаў; а другая – гэта не толькі медыцынскія структуры, а ўсё тое што акрэсліваецца англійскім тэрмінам “welfare”, які азначае агульны дабрабыт чалавека. Сюды ўваходзяць каля 110 тыс. устаноў”, - распавёў іерарх у інтэрв’ю Vatican News.

Паводле ватыканскага дыпламата, на прызнанне ролі Святога Пасаду ў сферы аховы здароўя на міжнародным узроўні паўплываў таксама ўклад каталіцкіх структур у барацьбу з пандэміяй і намаганні Папы, накіраваныя на ўмацаванне мультылатэралізму.

Гаворачы пра працэс надання Апостальскай Сталіцы статуса назіральніка ў СААЗ, арцыбіскуп Юркавіч заўважыў, што ініцыятыва паходзіла з боку італьянскага ўраду. Яна была падтрымана 71 краінай-удзельніцай, што складае 30% ад агульнай колькасць членаў арганізацыі. Сярод іх было шмат арабскіх краін, што з’яўляецца нетыповай з’явай і сведчаннем адкрытасці “папы Францішка на новыя спосабы камунікацыі ў свеце згодна ў прынцыпам братэрства”, - заўважыў іерарх.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што Апостальская Сталіца адстойвае ў ААН не свае ўласныя інтарэсы, а “інтарэсы чалавецтва, пэўнай часткі чалавецтва”.

Іерарх патлумачыў неабходнасць інтытуцыяналізацыі ватыканскай прысутнасці ў СААЗ тым, што раней Святы Пасад запрашаўся для ўдзелу толькі ў яе Генеральных асамблеях, але, напрыклад, не ў рэгіянальных сустрэчах, бо ўспрымаўся не як суверэнная юрыдычная асоба, прызнаная на міжнародным узроўні, але як адна з ініцыятыў пэўнай гуманітарнай арганізацый. “Для нас было важна абараніць асаблівы характар Апостальскай Сталіцы, а таксама, каб наша права ўдзельнічаць у пасяджэннях СААЗ было інстытуцыйна гарантавана, а не ўстанаўлівалася па запрашэнні, якое скіроўваецца час ад часу”, - дадаў іерарх.

“З Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя мы павінны быць надзейнымі і перакананымі партнёрамі, заўсёды адкрытымі на бачанне, уласцівае мультылатэралізму: вялікія глабальныя праблемы свету павінны вырашацца з дапамогай гэтага шматбаковага падыходу, з позіркам, скіраваным на чалавецтва, а не на іншыя рэчы”, - сцвердзіў арцыбіскуп Іван Юркавіч.
 

03 чэрвеня 2021, 11:00