Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане распачаў працу летні лагер для дзяцей

Да канца ліпеня на тэрыторыі Ватыкана будзе больш руху, шуму і радасці. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра сады і залу Паўла VI. Пачаліся летнікі для дзяцей супрацоўнікаў Святога Пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Італіі летнія канікулы працягваюцца ўжо два тыдні. Італьянскія падлеткі не сядуць за парты да сярэдзіны верасня. Трохмесячны перапынак звязаны з працяглай экстрэмальнай спякотай у летні перыяд.

У першым туры ватыканскага дзённага лагера ўдзельнічаюць 200 дзяцей. Арганізацыя была даручана салезіянам. Усё праходзіць так, як і ў мінулым годзе. Змянілася толькі тэма: Ты адзін з нас. Тут прамая спасылка на энцыкліку Францішка Laudato si’.

Дзень пачынаецца з сустрэчы ў зале Паўла VI, адкуль, памаліўшыся, дзеці ідуць гуляць на свежым паветры. Сёлета ў сувязі з тэмай Laudato si’ арганізатары больш шырока выкарыстоўваюць рэсурсы Ватыканскіх садоў. У канцы кожнага тура ўдзельнікі высадзяць тут нейкую расліну. Другую палову дня падлеткі праводзяць у зале Паўла VI. Будуць фільмы, гісторыі, гульні і мерапрыемствы, звязаныя з асноўнымі тэмамі Laudato si’: навакольнае асяроддзе, экалогія, роўнасць. Цікава, што адукацыйныя матэрыялы арганізатары падрыхтавалі ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Ініцыятарам праекту стаў папа Францішак. Такім чынам ён захацеў дапамагчы бацькам, вымушаным у пандэмію працяглы час трымаць дзяцей дома.
 

22 чэрвеня 2021, 13:07