Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (2020 Getty Images)

У Ватыкане пройдзе сустрэча "Вера і навука – да COP26"

Пасольствы Вялікабрытаніі і Італіі пры Святым Пасадзе абвясцілі ініцыятыву "Вера і навука – да COP26". 17 чэрвеня 2021 г. прайшла яе прэзентацыя ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Італьянскі пасол П’етра Себасцьяні падкрэсліў, што праект узнік ад жадання паглыбіць, развіць і параўнаць падыход да экалагічных праблем розных рэлігій і духоўных традыцый. Змены клімату з'яўляюцца ў тым ліку і маральнай праблемай, таму трэба тэрмінова рэагаваць на феномен, паколькі ён уяўляе пагрозу для маладога пакалення і найбольш уразлівых краін і супольнасцей. Дыпламат адзначыў станоўчую ролю рэлігійных лідараў, якую яны адыгралі ў стварэнні ўмоў для поспеху COP21 у Парыжы ў 2015 г.

“Мы маем маральны абавязак абараняць планету і тых, хто найбольш пацярпеў ад кліматычнага крызісу, у прыватнасці карэнныя народы, малыя астраўныя дзяржавы, якія развіваюцца, і найменш развітыя краіны. І ў нас заканчваецца час. Змены клімату пакуль не ідуць у правільным кірунку. Глабальная тэмпература паднялася больш чым на адзін градус, і мы на шляху да яе павышэння больш чым на два градусы”, - адзначыла брытанскі пасол Салі Джэйн Аксуорсі.

Рэлігіі маюць вельмі падобны падыход да экалагічных праблем, і гэта даказана, - паведаміла на прэзентацыі дыпламат. Па ініцыятыве Брытаніі амаль 40 лідараў асноўных рэлігій свету і 10 вядучых навукоўцаў былі запрошаны сабрацца разам, каб падрыхтаваць зварот да COP26. Адбылося дзіўнае збліжэнне поглядаў. Усе канфесіі і сістэмы вераванняў разглядаюць прыроду ў кантэксце сакральнага і лічаць сваім абавязкам ахову навакольнага асяроддзя.

Сустрэча "Вера і навука – да COP26" пройдзе ў Ватыкане і Рыме 4 кастрычніка 2021 г. У ёй прымуць удзел рэлігійныя лідары і навукоўцы, якія разам разгледзяць праблему змены клімату і неабходнасць глабальных намаганняў, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя.
 

17 чэрвеня 2021, 13:30