Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: пандэмія правакуе неабароненасць пажылых

Падчас пандэміі рэзка ўзрасла колькасць выпадкаў злоўжывання і махлярства, накіраваных на пажылых. Гэта прамое следства адзіноты, у якой яны жывуць сёння, - мяркуе ватыканскі эксперт.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Віторыё Шэльца, які адказвае за душпастырства пажылых людзей у Дэкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, заўважыў, што пандэмія “пазнаёміла” нас з адзінотай. І гэтага не можна лічыць нармальным, асабліва калі гаворка ідзе пра старэйшае пакаленне, бо чым больш адзіноты, тым больш злоўжыванняў.

Паводле даследаванняў, праведзеных па дадзенай тэматыцы ў ЗША, кожны пяты чалавек ва ўзросце старэй за 65 гадоў стаў ахвярай жорсткага абыходжання падчас пандэміі. Гэта рост на 84% у параўнанні з дапандэмічным часам. Эксперт падкрэсліў, што мясцовыя Касцёлы павінны рэагаваць на новы феномен.

“Мы клапоцімся пра развіццё душпастырства пажылых людзей, якое заключаецца ў тым, каб быць побач з імі, уцягваць іх у жыццё парафіі і супольнасці. Чым больш мы будзем цаніць прысутнасць пажылых і іх духоўнае багацце, тым менш яны будуць адзінокімі, тым меншай будзе рызыка злоўжыванняў”, - заўважыў Шэльца.

На думку супрацоўніка Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, І Сусветны дзень пажылых людзей, які будзе адзначацца 25 ліпеня, стане добрай магчымасцю звярнуць увагу на нашых бабуль і дзядуль.

“Мы спадзяёмся, што ў кожнай парафіі адбудзецца Эўхарыстыя з удзелам пажылых, і што ў гэты дзень маладыя людзі сустрэнуцца з бабулямі і дзядулямі. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што колькасць пажылых людзей, якія не маюць ні дзяцей, ні ўнукаў, павялічваецца. Аднак, як кажа Папа, кожны пажылы чалавек – гэта наша бабуля і дзядуля. Мы спадзяёмся, што такая сустрэча моладзі з старэйшым пакаленнем стане галоўным элементам гэтага Сусветнага дня”, - сказаў у інтэрв’ю Vatican News прадстаўнік ватыканскай дыкастэрыі.
 

17 чэрвеня 2021, 11:47