Пошук

Vatican News
Падчас візіту Прэзідэнта Расіі ў Ватыкан. Ілюстрацыйнае фота Падчас візіту Прэзідэнта Расіі ў Ватыкан. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Сустрэчы прадстаўніка МЗС Расіі з ватыканскімі дыпламатамі

Намеснік міністра замежных спраў Расіі Аляксандр Грушко правёў сустрэчы з арцыбіскупам Полам Галахерам, сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, і яго намеснікам кс. Міраславам Вахоўскім.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Падчас сустрэч, якія прайшлі 2 чэрвеня 2021 г. у Ватыкане і насілі “прыязны і канструктыўны характар”, быў праведзены грунтоўны і адкрыты абмен думкамі па пытаннях двухбаковага ўзаемадзеяння і міжнароднага парадку дня, - гаворыцца ў паведамленні на сайце МЗС РФ.

“Асаблівая ўвага была ўдзелена агульнай задачы абароны гуманістычных каштоўнасцей, уключаючы сумесныя дзеянні ў рамках міжнародных фарматаў. Адбылося прадметнае абмеркаванне праблематыкі раззбраення, сітуацыі на Блізкім Усходзе, ва Украіне. Закраналіся пытанні развіцця міжцаркоўнага дыялогу”, - адзначылі ў расійскім ведамстве.

За дзень да таго Грушко пагутарыў у Рыме з Вялікім канцлерам Мальтыйскага ордэна Альбрэхтам фон Бёзэлагерам. Абмяркоўваліся “асноўныя тэмы двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама шэраг пытанняў міжнароднага парадку дня”. “Бакі выказалі надзею на актывізацыю сумесных культурных і гуманітарных ініцыятыў, абмяняліся думкамі па сітуацыі ва Украіне, у Беларусі і на Блізкім Усходзе”, - гаворыцца на сайце расійскага МЗС.

Фармат кансультацый на ўзроўні МЗС Расіі і Дзяржаўнага сакратарыята Святога Пасаду склаўся ў 2000-х гадах, ён прадугледжвае рэгулярны абмен візітамі: раз у год у Ватыкан прыязджае госць з Расіі, а на наступны год у Маскву прыбывае прадстаўнік Святога Пасаду.
 

04 чэрвеня 2021, 11:19