Пошук

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья Арцыбіскуп Вінчэнца Палья 

Арцыбіскуп Палья патлумачыў мэты “маніфесту тэолагаў”

У сённяшнім змененым гістарычным кантэксце павінны змяніцца таксама ўсе парадыгмы, лад жыцця і перспектывы, - перакананы арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх пракаментаваў публікацыю “маніфеста тэолагаў”, звязаных з Папскай акадэміяй жыцця і новым Папскім тэалагічным інстытутам па вывучэнні сужэнства і сям'і, пад назвай "Выратуем братэрства – разам". Ён адрасаваны тэолагам і ўсім інтэлектуалам добрай волі. Мара падпісантаў – з аднаго боку абнавіць тэалогію ў кірунку дыялогу з навукай і культурай, а з іншага – стварыць “сінадальны саюз” паміж інтэлектуаламі.

Адным з ініцыятараў маніфеста з'яўляецца арцыбіскуп Палья, які, як старшыня Папскай акадэміі і Вялікі канцлер Інстытута, аб'ядноўвае абедзве ўстановы. У інтэрв'ю Vatican News ён падкрэсліў, што заклік да сумеснага ратавання братэрства з'яўляецца вынікам усведамлення эпахальных змен, якія адбываюцца ў цяперашні час у свеце.

“Мы павінны супрацьстаяць велізарным праблемам. Дастаткова падумаць пра экалогію, штучны інтэлект і новую антрапалогію. У кожнага з нас свая гісторыя, вера і культура. Але сёння неабходны новы запавет паміж усімі думаючымі людзьмі, для якіх важныя вера і гуманнасць, з мэтай дыялогу, здольнага паказаць шляхі, што аб’яднаюць нас падчас гэтых эпахальных змен”, - звярнуў увагу ватыканскі іерарх.

Старшыня Папскай акадэміі жыцця адзначыў, што маніфест заклікае хрысціянскіх тэолагаў прапаноўваць Евангелле на новай мове, зразумелай сучасным людзям, што патрабуе новага развіцця тэалагічнага метаду, які заключацца ў выхадзе за межы ўласнага лагера.

“Другі краевугольны камень нашага маніфеста – зварот да інтэлектуалаў. Сучаснасць пацярпела няўдачу, не выканала шмат абяцанняў, пачынаючы з таго, што датычыцца братэрства. Проста адмова ад ідэі Бога або сакральнага з'яўляецца перашкодай для развіцця навуковай і гуманістычнай думкі: таму сустрэча гэтых двух полюсаў патрабуе ад абодвух кроку наперад да новага гуманізму”, - падкрэсліў арцыбіскуп Палья.

Іерарх патлумачыў, што першым этапам тут павінна быць сустрэча. Ён прызнаў рацыю папу Францішку, калі той кажа, што падчас сустрэчы перамагае ні адзін ці другі, а яна сама. “Нам патрэбна інтэлектуальная сінадальнасць, сінадальнасць паміж энтузіястамі веры і энтузіястамі гуманізму. Самарэферэнтнасць зачыняе дзверы, а ўзаемная дыскусія – узбагачае. Гэта патрэбна міжнароднай культуры, таксама і Касцёл мае патрэбу ў гэтым”, - перакананы арцыбіскуп Палья.
 

15 чэрвеня 2021, 11:36