Пошук

Vatican News
Папа Францішак і кардынал Марыё Грэк Папа Францішак і кардынал Марыё Грэк  (Vatican Media)

Кардынал Грэк: сінадальны шлях быў станоўча ўспрыняты біскупамі

17 чэрвеня 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Марыё Грэка. Сустрэча прайшла пасля правядзення кансультацый з епіскапатамі адносна новай формы правядзення сінадальнай асамблеі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сінадальны працэс будзе складацца з трох этапаў: дыяцэзіяльнага, кантынентальнага і паўсюднага. Гэта новаўвядзенне, ухваленае Пантыфікам і абнародаванае 21 мая 2021 г., было вельмі станоўча прынята біскупамі, падзяліўся Генеральны сакратар Сінода Біскупаў у інтэрв’ю Vatican News.

“Новы сінадальны шлях не быў нашым вынаходніцтвам. Мы выслухалі таксама тое, пра што казалі Сакратарыяту Сінода некаторыя біскупы ў мінулыя гады”, - заўважыў кардынал Грэк, падкрэсліваючы, што новаўвядзенне адлюстроўвае не толькі жаданне Святога Айца, але прыроду Касцёла, якім, згодна з Другім Ватыканскім Саборам, з’яўляецца ўвесь Божы народ.

Іерарх нагадаў, што Сінод Біскупаў “не павінен быць проста падзеяй, якая кожныя тры гады праходзіць ў Ватыкане”, але працэсам, абмеркаванне якога адбываецца зараз з мясцовымі епіскапатамі і структурамі Рымскай курыі. Ён прызнаўся, што пакуль існуе толькі агульнае бачанне адносна рэалізацыі сінадальнага шляху, таму вельмі важна пачуць розныя меркаванні.

“Такім чынам мы хочам дзяліцца досведам. Да падрыхтоўчага дакумента, які будзе апублікаваны ў верасні, мы хочам дадаць таксама дапаможнік, у якім будуць выкарыстаны найлепшыя сінадальныя практыкі. Дзяленне досведам, які паходзіць не толькі з цэнтру, а з усяго Касцёла, дапаможа нам паўстаць на гэты шлях”, - сказаў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.
 

17 чэрвеня 2021, 11:34