Пошук

Vatican News
Кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін 

Дзяржсакратар аб заўвагах да італьянскага законапраекта

Кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін пракаментаваў заявы ў італьянскай прэсе аб нібыта ўмяшанні Святога Пасаду ў заканатворчасць Італіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На днях Дзяржсакратарыят звярнуўся да італьянскіх уладаў з вуснай нотай, выказаўшы занепакоенасць некаторымі аспектамі так званага “законапраекта Дзана” супраць гоматрансфобіі.

Перш за ўсё, патлумачыў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду, з ватыканскага боку не было ніякіх патрабаванняў заблакіраваць законапраект і ніякага ціску на парламент, але было ўказана на некаторыя фразы, інтэрпрэтацыя якіх можа прывесці да парушэнняў у сферы рэлігійнай свабоды і свабоды выказвання меркаванняў.

“Мы выступаем супраць любых неталерантных паводзін і ўчынкаў нецярпімасці або нянавісці да людзей па прычыне іх сексуальнай арыентацыі, роўна як нацыянальнасці і рэлігіі. Наша занепакоенасць тычыцца праблем з тлумачэннем, што можа мець месца ў выпадку расплывістых і нявызначаных фармулёвак”, - заявіў Дзяржсакратар у інтэрв’ю Vatican News.

Гаворка ідзе аб вызначэнні таго, што ў гэтай сферы называць крымінальна каральным злачынствам: у суддзяў павінны быць “неабходныя параметры” для такіх прысудаў. У адваротным выпадку каральным можа стаць любое магчымае адрозніванне паміж мужчынам і жанчынай, аж да самых парадаксальных наступстваў.

Заява Святога Пасаду, гэта прэвентыўная мера, патлумачыў кардынал Паралін. Яна была зроблена для таго, каб абазначыць праблемы перш, чым стане занадта позна. У адваротным выпадку можна было б казаць аб “злачынным маўчанні”, - адзначыў іерарх. “Менавіта таму і быў абраны такі інструмент, як вусная нота, што з'яўляецца сродкам дыялогу ў міжнародных адносінах”, - дадаў ён.

Не толькі Святы Пасад, але і італьянская біскупская канферэнцыя зрабіла ўсё магчымае, каб выказаць свае заўвагі да законапраекта, на гэтую тэму епіскапат зрабіў дзве заявы, - звярнуў увагу кардынал Дзяржсакратар.
 

25 чэрвеня 2021, 10:25