Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Bambino Gesù: перасадка сэрца падлетку ад донара з COVID-19

У шпіталі Bambino Gesù была праведзена ўнікальная аперацыя. Упершыню ў свеце адбылася перасадка сэрца ад донара, пазітыўнага на COVID-19, непаўналетняму пацыенту без каронавіруснай інфекцыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

15-гадовы юнак пакутаваў ад дылатацыйнай кардыяміяпатыі. Гэта захворванне выклікана паслабленнем сардэчнай мышцы, што ставіць пад пагрозу здольнасць сэрца эфектыўна пампаваць кроў і забяспечваць арганізм дастатковай колькасцю крывацёку.

Дырэктар комплекснага аперацыйнага аддзелу дэкампенсацыі, трансплантацыі і кардыёрэспіраторнай механічнай дапамогі клінікі Bambino Gesù, прафесар Антоніа Амадэа, патлумачыў, што дылатацыйная кардыяміяпатыя даволі рэдка сустракаецца ў дзяцей і падлеткаў. Частата захворванняў складае 0,57 выпадкаў на кожныя 100 тыс. чалавек. Для параўнання ў дарослых гэта 1 выпадак на 2,5 тыс. чалавек.

Пацыент чакаў патрэбны яму орган з верасня 2020 г. Дагэтуль ён перажыў імплантацыю штучнага сэрца, якое павінна было падтрымліваць яго жыццё да таго часу пакуль не знойдзецца сумяшчальны донарскі орган.

“У педыятрычнай сферы знайсці сэрца, сумяшчальнае для перасадкі, складаней, чым для дарослых. На працягу апошняга году, па прычыне пандэміі і абмежаванняў, уведзеных для барацьбы з ёй, гэтыя цяжкасці павялічыліся. Знайсці сумяшчальнае сэрца, гэта хутчэй унікальная магчымасць, чым рэдкая. Таму мы хацелі зрабіць усё магчымае, каб юнак са спісу чакання атрымаў орган, у якім меў патрэбу”, - падзяліўся ўрач.

Прафесар Антоніа Амадэа распавёў, што сумяшчальнае сэрца было знойдзена ў маі 2021 г., але донар быў пазітыўным на COVID-19. Такі выпадак не быў прадугледжаны ў заканадаўстве, таму для ажыццяўлення перасадкі было неабходна правесці шматлікія мультыдысцыплінарныя даследаванні і атрымаць дазвол на аперацыю ад італьянскага Нацыянальнага цэнтра транспланталогіі і Італьянскага фармацэўтычнага агенцтва. Пратакол прадугледжваў перасадку сэрца толькі пацыентам, якія ўжо перанеслі COVID-19, але кампетэнтныя органы дазволілі адхіліцца ад яго. Пацыенту былі ўведзены монакланальныя антыцелы, каб зменшыць рызыку захворвання каронавірусам. Аналізы, праведзеныя пазней, паказалі, што юнак быў цалкам абаронены ад інфекцыі, дзякуючы дастатковай прысутнасці ў крыві патрэбных антыцелаў.

Перасадка сэрца непаўналетняму пацыенту ад донара з каронавірусам стала першай у свеце. Раней падобная трансплантацыя была зроблена ў Балоніі 64-гадоваму мужчыне.

На працягу пятнаццаці дзён, з 4 па 19 мая 2021 г. у ватыканскай педыятрычнай клініцы Bambino Gesù было праведзена яшчэ пяць аперацый па перасадцы сэрца, тры з якіх тычыліся імплантацыі штучнага органа.


 

10 чэрвеня 2021, 11:41