Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Вінчэнца Палья Арцыбіскуп Вінчэнца Палья 

Святы Пасад: абнаўленне тэалогіі ў дыялогу з навукай і культурай

У пачатку чэрвеня Папскі тэалагічны інстытут імя Яна Паўла ІІ па даследаванні сужэнства і сям’і разам з Папскай акадэміяй жыцця накіруе маніфест да ста тэолагаў і ста інтэлектуалаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У 2017 г. Францішак, рэфармуючы Інстытут, паставіў задачу ацаніць голас іншых навук у тэалагічных разважаннях. У анансаваным маніфесце пад назвай "Ратаваць братэрства – разам" гаворка пойдзе не толькі пра абнаўленне тэалогіі, але і пра неабходнасць яе пераладжвання ў дыялогу з навукай і сучаснай культурай. Асновы такіх змен былі падрыхтаваны папярэдняй сустрэчай, у якой прынялі ўдзел еўрапейскія тэолагі: Крыстаф Тэабальд, Эльмар Салман і П'еранжэла Сэквэры.

На думку старшыні Папскай акадэміі жыцця і Вялікага канцлера Папскага тэалагічнага інстытута імя Яна Паўла ІІ па даследаванні сужэнства і сям’і, патрэба абнаўлення тэалогіі вынікае з пераломных змен, якія адбываюцца ў сучасным свеце, і адначасова з “інтуіцыі” дзвюх энцыклік Францішка Laudato si і Fratelli Tutti, якія не знайшлі чаканага водгуку ў тэалагічным асяроддзі.

“Сёння тэалогіі пагражае самарэферэнтнасць, дыскусія пра ўнутраныя праблемы. Як следства, сучасная культура перастала ёй цікавіцца. Тэалогія, як часта кажа папа Францішак, не ходзіць па зямлі, а застаецца зачыненай у непранікальнай вежы са слановай косці”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Іерарх прызнаўся, што, на яго погляд, найвялікшыя сучасныя еўрапейскія тэолагі, Тэабальд, Салман і Сэквэры, аднагалосна кажуць пра надзённую неабходнасць тэалогіі ў дыялогу з гуманітарнымі навукамі і ўсёй панарамай сучаснай культуры.

“Калі казаць на касцёльнай мове, мы хочам свайго роду сінадальнасці паміж тэалогіяй і інтэлектуаламі. Наша амбіцыя – аднавіць дыялог паміж усімі галінамі ведаў, каб больш дакладна зразумець будучыню, якая нас чакае”, - сказаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья ў інтэрв’ю Vatican News.
 

10 мая 2021, 11:48