Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Рада кардыналаў абмеркавала наступствы пандэміі

6 мая 2021 г. адбылося анлайн-пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекта рэформы Рымскай курыі, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У нарадзе прынялі ўдзел кардыналы: Оскар Радрыгес Марадзьяга з Гандураса, Рэйнхард Маркс з Германіі, Шон Патрык О’Мэйлі з ЗША, Освальд Грасіяс з Індыі, Фрыдалін Амбонга Бэзунгу з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, а таксама кардыналы П’етра Паралін, Джузэппэ Бэртэла і біскуп Марка Мэліна, Сакратар структуры, якія далучыліся да сустрэчы з Ватыкана. Папа сачыў за працай групы праз відэаспалучэнне з Дома св. Марты.

Пасля прывітальнага слова Святога Айца, “абмяркоўваліся некаторыя бягучыя справы, кожны кардынал апісаў сітуацыю ў сваім рэгіёне, эканамічныя і сацыяльныя наступствы пандэміі, а таксама дзейнасць Касцёла ў сферы аховы здароўя, эканамічнага аднаўлення і падтрымкі людзей у патрэбе”.

Члены Рады абмяняліся думкамі адносна “метадалогіі працы, якая павінна быць праведзена для перагляду і праўкі некаторых нарматыўных тэкстаў, звязаных з будучым уваходам у сілу новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі”, а таксама “чарговыя перспектывы, якія адкрываюцца тэкстам, што распрацоўваецца”. Наступная сустрэча бліжэйшых дарадчыкаў Пантыфіка запланавана на чэрвень.
 

07 мая 2021, 11:41