Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: права на здароўе не павінна быць прывілеем

Здароўе – першараднае агульнае дабро. Гэта паказала пандэмія COVID-19, драматычныя ўрокі якой праліваюць новае святло на ўзаемазалежнасць усёй чалавечай сям’і, - зазначыў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у дэбатах, праведзеных Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі. Ён звярнуў увагу ўдзельнікаў форума на сітуацыю людзей, якія былі вымушаны пакінуць родную краіну, падчас пандэміі.

Ватыканскі дыпламат адзначыў неабходнасць роўнага размеркавання вакцыны супраць каронавіруса паміж Поўначчу і Поўднем, нагадваючы словы Святога Айца пра тое, што нельга дапусціць, каб “розныя формы закрытага ў сабе нацыяналізму перашкаджалі нам жыць як сапраўдная чалавечая сям’я, якой мы і з’яўляемся”. У сувязі з гэтым ён заклікаў зрабіць вакцыну даступнай для ўсіх і аблегчыць яе размеркаванне, асабліва ў самых бедных краінах.

Справядлівасць, салідарнасць і інклюзіўнасць – гэта тры галоўныя крытэрыі, якімі трэба кіравацца, адказваючы на выклікі, кінутыя пандэміяй, - падкрэсліў прадстаўнік дэлегацыі Святога Пасаду. Ён нагадаў таксама пра тое, што Глабальная дамова па бяспечнай, упарадкаванай і рэгуляванай міграцыі вымагае ад дзяржаў уключэння медыцынскіх патрэбаў мігрантаў у нацыянальныя і лакальныя праекты, якія тычацца сферы аховы здароўя.

Арцыбіскуп Юркавіч заўважыў, што вельмі часта лічыцца, што мігранты не маюць такіх самых правоў і годнасці як іншыя людзі. “Абуральна, што ў разгар пандэміі, многія мігранты сталі яшчэ больш уразлівымі, чым былі раней. Яшчэ большае хваляванне выклікае той факт, што мігранты, якія знаходзяцца ў неўпарадкаванай сітуацыі, з-за страху перад затрыманнем ці дэпартацыяй, часта пазбягаюць аказання ім медыцынскай дапамогі”, - агучыў пазіцыю ватыканскай дыпламатыі іерарх.

Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што доступ да медыцынскіх паслуг не павінен быць прывілеем, але даступным для ўсіх, асабліва для найбольш уразлівых. “Доступ да медыцынскіх паслуг ніколі не павінен інструменталізавацца для палітычных ці ідэалагічных мэтаў”, - дадаў арцыбіскуп, выказваючы пажаданне, каб законы ў гэтай сферы не былі дыскрымінацыйнымі, а грунтаваліся на павазе да прыроды і годнасці чалавека на ўсіх этапах яго жыцця.
 

28 мая 2021, 11:08