Пошук

Vatican News
Барбара Ята ў Ватыканскіх музеях Барбара Ята ў Ватыканскіх музеях 

Дырэктар Ватыканскіх музеяў: спадзяюся, закрыцця больш не будзе

Дырэктар Ватыканскіх музеяў, запрашаючы наведаць папскія калекцыі, падкрэсліла, што зараз, калі практычна адсутнічаюць турысты, можна спакойна і без спешкі любавацца шэдэўрамі сусветнага мастацтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 3 мая 2021 г., пасля больш чым паўтарамесячнага перапынку, Музеі зноў адкрыліся для публікі. Гэта была ўжо трэцяя “пандэмічная паўза”.

“Мы адкрываемся ў поўнай адпаведнасці з правіламі бяспекі, з высокай асцярожнасцю. Ёсць сканер тэмпературы, білеты трэба браніраваць праз інтэрнэт. Мы паклапаціліся пра адпаведны паток наведвальнікаў, маючы на ўвазе, што ў нас 7 км выставачных маршрутаў. Спадзяюся, што гэта было апошняе закрыццё з прычыны пандэміі”, - заявіла Барбара Ята.

Дырэктар Ватыканскіх музеяў паведаміла аб адкрыцці віртуальнай выставы, прысвечанай Дантэ, прымеркаванай да 700-годдзя з дня яго смерці. “Мы прадстаўляем месцы, звязаныя з гэтым найвялікшым творцам. Сюды ўваходзяць, між іншым, працы Рафаэля. Мастак намаляваў Дантэ двойчы: спачатку на Парнасе, сярод паэтаў і мастакоў, а потым і сярод тэолагаў, спасылаючыся на яго духоўнасць”, - звярнула ўвагу Ята.

З пачатку пандэміі каронавіруса Ватыканскія музеі зачыняліся тройчы: з 9 сакавіка па 1 чэрвеня 2020 г., з 6 лістапада 2020 г. па 1 лютага 2021 г. Апошні вымушаны перапынак трываў з 15 сакавіка.
 

04 мая 2021, 11:33