Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Фізікела. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Фізікела. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Фізікела пракаментаваў устанаўленне паслугі катэхета

Паводле арцыбіскупа Рына Фізікелы, Апостальскім лістом Antiquum ministerium Францішак рэалізуе жаданне св. Паўла VI, выказанае яшчэ ў 1975 г. у дакуменце Evangelii nuntiandi.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Antiquum ministerium – назва апублікаванага 11 мая 2021 г. motu proprio, з якім Папа ўстанавіў паслугу катэхета, вызначаючы яе як неадкладную неабходнасць евангелізацыі ў сучасным свеце.

У сваю чаргу Павел VI ужо ў Evangelii nuntiandi звяртаў увагу на тое, што свецкія могуць адчуваць сябе запрошанымі і фактычна быць пакліканымі да супрацоўніцтва са сваімі пастырамі на службе касцёльнай супольнасці для забеспячэння яе росту і жыццёвай сілы з дапамогай рознага роду служэння. Той жа Пантыфік адзначыў, што праца катэхета можа быць асабліва каштоўнай для фарміравання, адраджэння і росту Касцёла і ўплыву на тых, хто знаходзіцца далёка ад яго.

Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі лічыць, што ўстанаўленне паслугі катэхета азначае прызнанне таго, што чалавек, надзелены такой харызмай, выконвае сапраўднае касцёльнае служэнне ў супольнасці.

Францішак хоча садзейнічаць больш шырокаму ўдзелу свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла. Устаноўлены катэхетам гаворыць ад імя Касцёла і распаўсюджвае яго веру. Такая адказнасць не дэлегуецца, а бярэцца на сябе ад першай асобы. Паслуга катэхета рэалізуецца не столькі ў літургічнай прасторы, як у выпадку з лектарам ці акалітам, колькі ў перадачы веры праз прапаведаванне і сістэматычнае навучанне.

“Відавочна, што не ўсе, хто сёння з'яўляецца катэхетам, атрымаюць паслугу. Яна прызначана для тых, хто адпавядае патрабаванням, сфармуляваным у Antiquum ministerium. У першую чаргу гаворка ідзе пра вымярэнне паклікання – служыць Касцёлу там, дзе біскуп лічыць гэта найбольш патрэбным. (...) Не варта забываць, што ў розных рэгіёнах, дзе няма святароў або іх прысутнасць рэдкая, катэхет часта кіруе супольнасцю і падтрымлівае яе ў веры”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Фізікела.
 

12 мая 2021, 11:36