Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Апостальская Сталіца падтрымлівае праграмы водазабеспячэння

На працягу многіх месяцаў Святы Пасад працуе над праграмай дапамогі 150 установам аховы здароўя ў гарантаванні ім доступу да вады. Ініцыятыва з'яўляецца прадметам размоў, якія праходзяць зараз у Рыме.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

У многіх бальніцах беднага поўдня свету пацыенты самі павінны клапаціцца пра ваду, прыносячы яе з сабой. Так адбываецца, напрыклад, у Кісанту, горадзе, размешчаным прыблізна ў 100 км ад Кіншасы, сталіцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Шпіталь св. Лукі з 300 ложкамі быў вымушаны абмежаваць доступ да вады, прызначаючы яе выключна на дэзінфекцыю і мыццё рук перад аперацыямі.

У Афрыцы шматлікія ўстановы аховы здароўя не могуць дазволіць сабе пабудаваць воданапорную вежу, кошт якой складае каля 6 тыс. долараў ЗША. Калі дадаць выдаткі на навучанне персаналу па ўборцы важных месцаў, такіх як аперацыйныя сталы, сума павышаецца да 10 тыс. долараў.

Праект, ініцыяваны Святым Пасадам, ахоплівае 23 краіны, якія развіваюцца, і ажыццяўляецца пад лозунгам WASH (Water Sanitation Hygiene). Ён мае сувязь з шэрагам іншых ініцыятыў у галіне аховы здароўя і клопату пра навакольнае асяроддзе, а таксама аднаўлення пасля пандэміі каронавіруса ў святле адказнасці і салідарнасці ў адносінах да найбольш уразлівых асоб.

Аб распрацоўцы стратэгіі Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ўпершыню паведаміла год таму, калі прэзентавала дакумент пад назвай Aqua fons vitae. Кіраўнічыя прынцыпы адносна вады, сімвала плачу бедных і плачу Зямлі.

У жніўні 2020 г. гэтай структурай Святога Пасаду быў распаўсюджаны ліст да ўсіх біскупаў з заклікам паспрыяць забеспячэнню адпаведных умоў для рэалізацыі WASH “ва ўсіх цэнтрах аховы здароўя Каталіцкага Касцёла з тым, каб надзейна лячыць пацыентаў, пазбегнуць далейшага распаўсюджвання COVID-19 і іншых хвароб, а таксама абараніць медыцынскі персанал і капеланаў”.
 

25 мая 2021, 10:17