Пошук

Ян Павел І Ян Павел І 

Ватыканскаму фонду Яна Паўла I – год

Год таму Францішак заснаваў Ватыканскі фонд Яна Паўла I з мэтай даследавання і папулярызацыі асобы, думкі і вучэння Папы, кароткі пантыфікат якога працягваўся 33 дні: з 26 жніўня па 28 верасня 1978 г.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сярод першых крокаў было здабыццё відэа-матэрыялаў з часоў пантыфікату Яна Паўла І. У Ватыканскім выдавецтве выйшлі дзве кнігі, прысвечаныя яму. З’явіўся сайт Фонду на італьянскай і англійскай мовах. Быў атрыманы прыватны архіў Альбіна Лучані, які змяшчае рукапісы, сшыткі, канспекты лекцый, карэспандэнцыю і друкаваныя матэрыялы, і ахоплівае перыяд з 1929 г. па 1978 г. У супрацоўніцтве з Ватыканскім апостальскім архівам і бібліятэкай ідзе алічбоўка архіўных матэрыялаў.

Фонд імкнецца падключаць да сваёй дзейнасці і зацікавіць спадчынай Яна Паўла І маладых навукоўцаў, для іх былі заснаваны спецыяльныя стыпендыі. Знакавай падзеяй стане сімпозіум, прысвечаны вучэнню Яна Паўла І, запланаваны на вясну 2022 г.

Кіруе Фондам Дзяржсакратар Яго Святасці. Кардынал П’етра Паралін лічыць, што вучэнне Яна Паўла І застаецца актуальным: “Блізкасць, пакора, прастата, адданасць Божай міласэрнасці, любоў да бліжняга і салідарнасць – гэта яго характэрныя рысы”.

Існаванне Фонду важнае таксама ў кантэксце беатыфікацыйнага працэсу Яна Паўла I, які працягваецца з 2002 г., у тым ліку з пункту гледжання гістарычнай і гістарыяграфічнай даследчай працы.
 

29 красавіка 2021, 10:01