Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканская абсерваторыя абзавялася новым сайтам

У Ватыканскай абсерваторыі з'явіўся новы сайт – vaticanobservatory.org, праца над якім вялася з сярэдзіны 2020 г. Галоўная мэта – паказаць, што Касцёл не супрацьстаіць навуцы, наадварот, з'яўляецца яе саюзнікам.

Дырэктар установы, езуіт Гай Кансальманьё, прызнаўся, што старую інтэрнэт-пляцоўку амаль не наведвалі, таму і ўзнікла рашэнне аб стварэнні новай. “Місія Ватыканскай абсерваторыі, якую нам пакінуў папа Леў XIII у 1891 г., – нагадаць свету, што Касцёл падтрымлівае навуку. Мы зрабілі даволі добрую навуковую працу, але, на жаль, не сталі настолькі паспяховымі ў тым, каб “паказаць яе свету”. Шмат людзей казалі мне, што нават не ведалі аб існаванні ў Ватыкане абсерваторыі”, - адзначыў Кансальманьё.

Акрамя вэб-рэсурсу з сотнямі матэрыялаў пра ўзаемасувязь веры і навукі, папскія астраномы запусцілі падкаст, у якім разам з запрошанымі экспертамі вядуць абмеркаванне "цуду стварэння Богам сусвету".

Ватыканская абсерваторыя, пачатак працы якой датуецца 1582 г., з'яўляецца адной з найстарэйшых у сваім родзе ў свеце. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Кастэль Гандольфа, мястэчку недалёка ад Рыма, якое з'яўляецца летняй рэзідэнцыяй Пантыфікаў. Там жыве і працуе дзясятак святароў і братоў. Ватыканская даследчая група працуе таксама ва Універсітэце Арызоны. Там, на гары Грэм, знаходзіцца тэлескоп (Vatican Advanced Technology Telescope), які Святы Пасад пабудаваў у супрацоўніцтве з ВНУ.
 

13 красавіка 2021, 11:59