Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад віншуе мусульман з Рамаданам

Папская рада па міжрэлігійным дыялогу скіравала віншаванні вызнаўцам ісламу ў сувязі з пачаткам Рамадану, выказваючы пажаданне, каб гэты месяц стаў багатым на Божыя благаслаўленні і духоўны рост.

У дакуменце звяртаецца ўвага на супольнае пакліканне хрысціян і мусульман да быцця сведкамі надзеі. “Надзея ўзнікае з нашай перакананасці ў тым, што праблемы і выпрабаванні маюць сэнс, каштоўнасць і мэту, наколькі складана ці немагчыма нам было б зразумець іх прычыну ці знайсці з іх выйце”, - падкрэсліваецца ў дакуменце.

“Мы, хрысціяне і мусульмане, пакліканы быць носьбітамі надзеі для сучаснага і будучага жыцця, а таксама сведкамі, будаўнікамі і рэстаўратарамі гэтай надзеі, асабліва для тых, хто жыве пасярод цяжкасцей і роспачы”, - заўважаецца ў пасланні.

Сярод фактараў, якія перашкаджаюць надзеі, у дакуменце называюцца недахоп веры ў любоў і клопат Бога, згуба даверу да братоў і сясцёр, песімізм, адчай ці, наадварот, празмерная самаўпэўненасць.

У пасланні нагадваюцца словы Францішка з энцыклікі Fratelli tutti пра тое, што надзея, “кажа нам аб рэчаіснасці, укаранёнай у глыбіні чалавечага сэрца, якая не залежыць ад канкрэтных акалічнасцяў і гістарычнага кантэксту, якім абумоўлена жыццё. Кажа нам аб прагненні, аб імкненні, аб жаданні паўнаты, здзяйснення мараў, аб жаданні прычыніцца да вялікіх спраў, да таго, што напаўняе сэрца і ўзносіць дух да высокіх рэчаў, такіх як праўда, дабро і прыгажосць, справядлівасць і любоў”.
 

16 красавіка 2021, 12:53