Пошук

Vatican News
Францішак падчас Літургіі Мукі Пана Францішак падчас Літургіі Мукі Пана 

Літургія Мукі Пана ў Ватыкане: Касцёл павінен несці адзінства

Вернікаў падзяляе палітычны выбар, а не догматы, калі для іх панаванне гэтага свету становіцца важнейшым за Валадарства Божае, - адзначыў прапаведнік Папскага дома.

Казанне кардынала Раньера Канталамесы прагучала падчас Літургіі Мукі Пана, якую папа Францішак цэлебраваў 2 красавіка 2021 г., у Вялікую пятніцу, у базыліцы св. Пятра.

“Усе людзі з'яўляюцца братамі як стварэнні аднаго Бога і Айца. Да гэтага хрысціянская вера дадае другую важную прычыну. Мы браты не толькі з прычыны стварэння, але і з факту адкуплення; не толькі таму, што ва ўсіх нас адзін Айцец, але таму, што ва ўсіх нас адзін брат, Хрыстус, “першародны сярод многіх братоў”, - звярнуў увагу папскі прапаведнік.

Ён адзначыў, што "каталіцкае братэрства паранена", паколькі "Хрыстовы плашч быў разарваны на кавалкі праз падзелы паміж Касцёламі”. Але ў Божых вачах Касцёл "адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі"; ён будзе заставацца такім да канца свету. “Аднак гэта не апраўдвае нашых падзелаў, наадварот, робіць нас больш вінаватымі ў іх і стымулюе да іх гаення”, - заўважыў кардынал Канталамеса.

Літургія Мукі Пана ў Ватыкане

Найбольш частай прычынай падзелаў сярод католікаў “не з’яўляюцца догматы”, гэта палітычны выбар, калі ён пераважае над рэлігійным і касцёльным, калі вернік, выступаючы за нейкую ідэалогію, цалкам забываецца пра каштоўнасць і абавязак паслухмянасці Касцёлу.

Капуцын нагадаў, што ў часы Езуса была таксама "моцная палітычная палярызацыя", але Ён не стаў на ніводзін бок, энергічна супраціўляючыся спробам зрабіць гэта. Першая хрысціянская супольнасць аддана ішла тым жа шляхам. Гэта прыклад і для сённяшніх пастыраў, якія павінны пасвіць усю аўчарню, а не толькі адну яе частку.

Прапаведнік Папскага дома выказаў перакананасць, што харызма, якую Каталіцкі Касцёл абавязаны захоўваць на карысць усіх супольнасцей, – гэта адзінства.

 

03 красавіка 2021, 12:19