Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Пітэр Тарксан: існуе патрэба ў цэласным разуменні здароўя

Кардынал Пітэр Тарксан скіраваў пасланне з нагоды Сусветнага дня здароўя, які прайшоў 7 красавіка 2021 г. пад дэвізам: “Будаваць больш справядлівы і больш здаровы свет”.

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека звярнуў увагу на неабходнасць барацьбы з няроўнасцю ў сферы аховы здароўя, якая стала асабліва відавочнай падчас пандэміі.

Ватыканскі іерарх нагадаў словы Святога Айца пра тое, што з крызісу можна выйсці або лепшымі або горшымі, а таксама заклікаў вынесці ўрок з пандэміі, якая паказала важнасць салідарнасці і ўсведамлення таго, што ніхто не збавіцца ў адзіночку.

Паводле кардынала Тарксана, існуе патрэба ў інтэгральным разуменні здароўя. “Для больш справядлівага і больш здаровага свету трэба набыць новы позірк на чалавечае здароўе і лячэнне, які будзе ўлічваць фізічнае, інтэлектуальнае, сацыяльнае, культурнае і духоўнае вымярэнне чалавека”, - сцвердзіў ён.

Асобы, якія дапамагаюць хворым і тым, хто пакутуе, павінны мець такі позірк, няспынна натхняючыся цэласным поглядам на лячэнне. Важна супрацоўніцтва паміж медыцынскімі і душпастырскімі работнікамі на карысць інтэгральнага здароўя пацыентаў.

Кардынал заўважыў, што досвед пандэміі дапамагае чалавецтву адчуць сябе братамі і сёстрамі, нанова адкрываць сэнс узаемазалежнасці, усведамленне таго, што наш дабрабыт залежыць ад адказных паводзінаў усіх. Індывідуалізм і эгаізм магчыма перамагчы толькі зразумеўшы, што “пошук дабра ўсіх можа прывесці да майго дабра”.

Пандэмія навучыла людзей таму, што “здароўе – гэта агульнае дабро, таму баронячы ўласнае здароўе, я абараняю здароўе іншага чалавека і ўсяго грамадства”.

На думку іерарха, асаблівай увагі заслугоўвае ментальнае здароўе людзей, якое моцна аслабла ў перыяд пандэміі. Ён нагадаў, што Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека распрацавала спецыяльны дакумент на тэму: “Суправаджаць людзей з псіхалагічнымі пакутамі ў кантэксце пандэміі COVID-19”. Ён даступны на сайце ватыканскага ведамства.

Кардынал Тарксан заклікаў забяспечыць лепшыя ўмовы працы работнікам сферы аховы здароўя, што патрабуе “мэтавых, разважлівых і этычных эканамічных інвестыцый”. Таксама важна звяртаць больш увагі на патрэбы медыцынскіх структур, пазбаўленых дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, напрыклад тыя, якія належаць Касцёлу і іншым рэлігійным супольнасцям. У розных кутках свету, часта аддаленых, яны з’яўляюцца адзінымі асяродкамі, якія забяспечваюць людзям доступ да медыцынскіх паслугаў.

Няроўнасць у медыцыне з’яўляецца несправядлівасцю, але яе магчыма прадухіліць праз адпаведныя стратэгіі. “Пажадана прыйсці да забеспячэння ўсім людзям і ўсім грамадствам усеагульнага медыцынскага клопату. Гэта тэрміновая мэта, дасягнуць якой неабходна, каб пабудаваць справядлівы і здаровы свет, лепшы свет, мірны свет, пра які мы марым і верым, што ён магчымы”, - падсумаваў сваё пасланне на Сусветны дзень здароўя кардынал Пітэр Тарксан.
 

08 красавіка 2021, 09:36