Пошук

Vatican News
Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар: сведчанне неабходна, каб змяніць грамадства

Касцёл павінен быць з’яднаным для таго, каб даваць свету пераканаўчае сведчанне Евангелля, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін у інтэрв’ю іспанскай радыёстанцыі COPE.

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы распавёў, што ніколі не адчуваў супярэчання паміж быццём святаром і дыпламатам. Ён нагадаў, што асабліва пасля Другога Ватыканскага Сабора “заданне нунцыяў з’яўляецца пастырскім”, скіраваным на “ўмацаванне сувязі паміж Святым Пасадам і мясцовымі Касцёламі”.

Кардынал Паралін прызнаўся, што быў вельмі здзіўлены, калі Францішак, усяго пра два месяцы пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра, паклікаў яго, тагачаснага нунцыя ў Венесуэле, на пасаду Дзяржсакратара. Паводле іерарха, адметнасці іх тэмпераментаў служаць на карысць Касцёлу. Важна, аднак, каб “кожны са сваім пунктам гледжання, стылем, адчувальнасцю, падрыхтоўкай, культурай, духоўнасцю” супрацоўнічаў з іншым.

Каментуючы супярэчнасці ўнутры касцёльнай супольнасць паміж так званымі “кансерватыўным” і “прагрэсіўным” крылом, кардынал заўважыў, што яны чыняць шкоду Касцёлу. Ён сказаў, што структура Касцёла, скарб веры, сакрамэнты, апостальскае служэнне не могуць быць зменены, але можа быць абноўлена жыццё Касцёла, у якім дзейнічаюць грэшныя людзі.

Часам падзелы і супярэчнасці ўзнікаюць ад неразумення, няздольнасці адрозніваць тое, што важнае і нязменнае, ад таго, што менш важнае і павінна быць абноўлена ў духу Евангелля, - перакананы Дзяржсакратар.

Гаворачы пра адносіны Апостальскай Сталіцы з Кітаем іерарх падкрэсліў, што крокі, зробленыя дагэтуль, не вырашылі ўсіх праблем, але былі спробай абараніць мясцовую каталіцкую супольнасць, якая з’яўляецца невялікай, але поўнай сіл і жыццядайнасці. Намаганні накіраваны на забеспячэнне рэлігійнай свабоды і еднасці Касцёла ў Кітаі з Наступнікам св. Пятра.

Каментуючы візіт Папы ў Ірак кардынал Паралін звярнуў увагу на каштоўнасць сведчання мясцовых хрысціян, якія, нягледзячы на напады, працягваюць з адвагай вызнаваць сваю каталіцкую веру.

На думку іерарха, перад Касцёлам у Еўропе стаіць заданне сведчання веры, надзеі і любові. Важна не навязваць іншым сваю веру, але даваць паслядоўнае і пераканаўчае сведчанне хрысціянскага жыцця, як рабілася ў першыя стагоддзі Касцёла, калі апосталы і вучні праз сведчанне здолелі змяніць менталітэт і ўвесці евангельскія каштоўнасці ў тагачаснае грамадства.
 

05 красавіка 2021, 13:23