Пошук

Vatican News
Кардынал Анджэла Камастры падчас малітвы ў базыліцы св. Пятра Кардынал Анджэла Камастры падчас малітвы ў базыліцы св. Пятра  (ANSA)

Аднавілася трансляцыя ружанца з ватыканскай базылікі

Кардынал Анджэла Камастры працягне праводзіць штодзённы ружанец у базыліцы св. Пятра. Апоўдні, з панядзелка па суботу, можна далучыцца да малітвы на італьянскай версіі партала Vatican News.

Першае такое набажэнства прайшло 11 сакавіка 2020 г. у якасці прапановы ўсім, хто шукаў духоўнага суцяшэння падчас пандэміі. Эфір быў прыпынены ў канцы снежня мінулага года. Шматлікія просьбы вернікаў паспрыялі рашэнню аб вяртанні штодзённага ружанца з Ватыкана.

Трансляцыя набажэнстваў аказалася надзвычай папулярнай. Увогуле з кардыналам Камастры маліліся больш за паўтара мільёна чалавек. Святы Пасад атрымаў мноства сведчанняў аб навяртанні і іншых ласках, якія вернікі атрымалі дзякуючы гэтай малітве.

Кожную таямніцу ружанца іерарх суправаджае кароткай медытацыяй. “Гэта эўхарыстычная малітва, мы молімся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У той жа час гэта марыйная малітва. Мы распавядаем нашай Маці пра праблемы, звязаныя з распаўсюджваннем пандэміі, просім яе звярнуць на нас свае міласэрныя вочы і прынесці нашы слёзы пакаяння да Пана”, - адзначыў кардынал Камастры.
 

19 красавіка 2021, 09:49