Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (© Notice: UNICEF photographs are copyrighted and may not be reproduced in any medium without written permission from authorized)

Святы Пасад шукае партнёраў для санітарна-экалагічнага праекта

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека апублікавала прэс-рэліз адносна рэалізацыі ў медыцынскіх установах Касцёла праекта WASH па забеспячэнні доступу да пітной вады, санітарных паслуг і гігіены.

Праект Water, Sanitation and Hygiene задуманы сумесна з манаскімі кангрэгацыямі, біскупскімі канферэнцыямі, папскім дабрачынным фондам Caritas і глабальнай экалагічнай ініцыятывай Global Water 2020.

На перадавой адпаведных намаганняў знаходзяцца айцы-баніфратры (Ордэн св. Яна Божага), пад апекай якіх дзейнічаюць каля 400 цэнтраў сацыяльнай і медыцынскай дапамогі ў 52 краінах. Да таго ж, на заклік Дыкастэрыі адгукнуліся каля 150 каталіцкіх медыцынскіх структур з 22 краін. У іх ужо вядзецца дэтальны падлік сродкаў, неабходных для забеспячэння годных умоў лячэння пацыентаў і доступу да пітной вады.

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека нагадала, што з ёй па-ранейшаму можа звязацца кожная структура, якая жадае далучыцца да ініцыятывы, і падкрэсліла, што праект WASH мае сувязь з шэрагам іншых ініцыятыў у галіне аховы здароўя і клопату пра навакольнае асяроддзе, а таксама аднаўлення пасля пандэміі каронавіруса ў святле адказнасці і салідарнасці ў адносінах да найбольш уразлівых асоб.

Аб распрацоўцы стратэгіі Дыкастэрыя ўпершыню паведаміла год таму, калі прэзентавала дакумент Aqua fons vitae. Кіраўнічыя прынцыпы адносна вады, сімвала плачу бедных і плачу Зямлі.

У жніўні 2020 г. гэтай структурай Святога Пасаду быў распаўсюджаны ліст да ўсіх біскупаў з заклікам паспрыяць забеспячэнню адпаведных умоў для рэалізацыі WASH “ва ўсіх цэнтрах аховы здароўя Каталіцкага Касцёла з тым, каб надзейна лячыць пацыентаў, пазбегнуць далейшага распаўсюджвання COVID-19 і іншых хвароб, а таксама абараніць медыцынскі персанал і капеланаў”.
 

23 сакавіка 2021, 10:56