Пошук

Vatican News
Кардынал Марчэла Сэмерара Кардынал Марчэла Сэмерара  

Іерарх пра благаслаўленне аднаполых пар: ключавое слова "нельга"

Кардынал Марчэла Сэмерара у інтэрв'ю італьянскай Corriere della Sera спаслаўся на нядаўнюю заяву Кангрэгацыі Веравучэння ў пытанні благаслаўлення гомасексуальных пар.

Прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі падкрэсліў, што "Касцёл не з'яўляецца дзяржавай, якая пастаянна ўзаконьвае тое, што лічыць найбольш мэтазгодным". Касцёл "падпарадкоўваецца волі Божай", і ў пытанні благаслаўлення гомасексуальных пар ключавое слова – "нельга".

Бо нельга "легалізаваць благаслаўленнем" пару, якая знаходзіцца па-за межамі "непарыўных адносін паміж мужчынам і жанчынай, адкрытых з сваёй прыроды для перадачы жыцця ў адпаведнасці з Божым планам". "Гэта датычыцца і нежанатых гетэрасексуальных пар", - дадаў адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Папы.

Ён нагадаў словы св. Паўла VI аб немагчымасці святарства жанчын. “Гэта не пытанне волі. Жанчыны адыгрываюць фундаментальную ролю ў Евангеллі, Езус выбірае іх ісці за Ім, але апосталы – мужчыны. Мы звязаны Святым Пісаннем, Божым словам”, - нагадаў кардынал.

Спасылаючыся на адносіны Францішка да грамадзянскіх саюзаў паміж асобамі аднаго полу, італьянскі іерарх адзначыў, што гэта "асобнае пытанне, якое тычыцца дзяржаўнага заканадаўства". “Добра, што іх узаемныя правы і абавязкі прызнаюцца. Гэта пытанне павагі, яшчэ і таму, што прадугледжвае абавязацельствы”, - адзначыў прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі. З іншага боку, "Касцёл не можа ўзаконіць адносіны, не прадугледжаныя Святым Пісаннем".
 

17 сакавіка 2021, 12:01