Пошук

Vatican News
Кардынал Раньера Канталамеса Кардынал Раньера Канталамеса  (ANSA)

Папскі прапаведнік: жыццё без Хрыста – смяротная небяспека

Існуе смяротная небяспека для Касцёла – жыць так, нібыта Хрыста не існуе, падкрэсліў Прапаведнік Папскага дома падчас другога велікапоснага казання для іерархаў і супрацоўнікаў Рымскай курыі.

Сустрэча прайшла раніцай 5 сакавіка 2021 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Папа не прымаў у ёй удзел у сувязі з падарожжам у Ірак. Прысутныя разам памаліліся аб паспяховасці яго пілігрымкі.

Кардынал Раньера Канталамеса заўважыў, што сёння людзей цікавіць гісторыя Касцёла, яго арганізацыя, незвычайныя факты і нярэдка плёткі. Аднак, асоба Езуса ўзгадваецца вельмі рэдка, нават у сферы дыялогу Касцёла са светам, навукай і іншымі рэлігіямі.

“Таксама і мы паддаёмся рызыцы жыць так, нібыта Хрыста не існуе”, - сказаў прапаведнік. Ён падкрэсліў, што слуханне апосталаў, захаванне ўзаемнай еднасці, дзяленне хлеба і малітва нагадваюць, што існаванне Касцёла мае сэнс толькі калі ён застаецца моцна з’яднаным з Хрыстом. Гэта спосаб нашага яднання з Езусам. Усё, што ўзнікае па-за гэтымі каардынатамі, пазбаўлена фундаменту, - дадаў прапаведнік.

Кардынал заклікаў кожнага задумацца пра тое, якое месца Хрыстус займае ў яго жыцці, а таксама нагадаў, што Езус – гэта святасць Бога і мера ўсяго. Цудоўная навіна заключаецца ў тым, што але Ён дорыць гэту святасць нам.

“Хрысціянская святасць, з’яўляецца ў першую чаргу дарам, а не абавязкам. Хрысціянства распачынаецца, распавядаючы пра тое, што Бог зрабіў, каб збавіць людзей. Гэта рэлігія ласкі. Цяпер настаў час для таго, каб жыць, каб пазнаць радасць гэтага”, - перакананы айцец Канталамеса.

“Святасць Езуса заключалася ў тым, каб спаўняць волю Айца. Паспрабуем жа сёння спытацца ў сябе перад абліччам нашай сітуацыі: што ў гэты момант спадабалася бы Езусу? Тое, што падабаецца Езусу напісана ў Евангеллі, а Святы Дух нагадвае нам пра гэта”, - завяршыў сваю медытацыю кардынал.
 

05 сакавіка 2021, 10:48