Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўхваліў сем дэкрэтаў аб гераічнасці цнотаў

17 сакавіка 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў сямі Слуг Божых.

Гаворка ідзе пра італьянскага арцыбіскупа Меркурыа Марыю Тэрэзі (1742-1805), пастыра сіцылійскай архідыяцэзіі Монрэаль; двух іспанскіх дыяцэзіяльных святароў: кс. Косму Муньёса Пэрэса (1573-1636), заснавальніка кангрэгацыі Дачок Заступніцтва Марыі, і кс. Сальвадора Валера Пара (1816-1889).

Папа ўхваліў таксама дэкрэт аб прызнанні гераічнасці цнотаў швейцарскага законніка, а. Леона Вётэ (1896-1974) з Ордэна Меншых Братоў Канвентуальных, філосафа, тэолага, містыка і настаўніка францішканскай духоўнасці.

Яшчэ тры дэкрэты тычацца прызнання гераічнасці цнотаў італьянскіх законніц з кангрэгацыі Сясцёр Бедных, місіянерак у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якія памерлі ад ліхарадкі Эбола. Гаворка ідзе пра с. Анэльвіру Асолі (1936-1995), с. Вітарозу Дзордза (1943-1995) і с. Даньеланджэлу Сорці (1947-1995).

Нагадаем, што ў лютым Францішак ухваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў трох іншых манахінь з кангрэгацыі Сясцёр Бедных, якія памерлі ў 1995 г. ад невядомага ў той час віруса Эбола ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга: с. Флоральбы Луіджы Разіны Рондзі (1924-1995), с. Кларанджэлы Алесандры Гілардзі (1931-1995) і с. Дзінурозы Тэрэзы Бэлеры (1936-1995).
 

18 сакавіка 2021, 10:47