Пошук

Касцёл Беззаганнай Дзевы Марыі ў Каракошы Касцёл Беззаганнай Дзевы Марыі ў Каракошы  Калонка рэдактара

Папа ў Іраку: ад Абрагама да прызнання сябе братамі

Папа адпраўляецца ў самы складаны і важны шлях свайго пантыфікату. Падтрымка хрысціян, аднаўленне краіны, працягнутая рука да братоў-мусульман – прыярытэты падарожжа ў Ірак.

У сваёй аўтарскай калонцы на Vatican News Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ, нагадаў, што іракскія хрысціяне чакалі Пантыфіка дваццаць два гады. У 1999 г. св. Ян Павел ІІ планаваў кароткае, але важнае паломніцтва ў Ур Халдэйскі, першы этап юбілейнага падарожжа да месцаў збаўлення. Ён хацеў пачаць ад Абрагама, ад агульнага айца, якога прызнаюць юдэі, хрысціяне і мусульмане. Некаторыя, у прыватнасці ЗША, раілі састарэламу Пантыфіку не здзяйсняць візіту, які мог спрацаваць на ўзмацненне Садама Хусэйна. Але ён быў непахісны. Усё ж паездка не была рэалізавана з прычыны нязгоды іракскага лідара.

Тарніелі нагадаў, што ў 1999 г. краіна ўжо стаяла на каленях пасля крывавай вайны супраць Ірана (1980-1988) і міжнародных санкцый пасля ўварвання ў Кувейт і першай вайны ў Персідскім заліве. Колькасць хрысціян у Іраку тады была больш чым утрая вышэйшай, чым сёння. Нерэалізаванае падарожжа Яна Паўла ІІ засталося адкрытай ранай.

Пантыфік выступіў супраць другой заходняй ваеннай экспедыцыі ў краіну – маланкавай вайны 2003 г., якая скончылася звяржэннем Садама. Падчас Анёл Панскі 16 сакавіка Ян Павел ІІ нагадаў краінам-членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, і ў прыватнасці тым, хто ўваходзіць у Савет Бяспекі, што выкарыстанне сілы з'яўляецца апошнім аргументам пасля таго, як вычарпаны ўсе рашэнні, у адпаведнасці з прынцыпамі самой ААН. Ён сказаў у той дзень: "Я належу да таго пакалення, якое перажыло Другую сусветную вайну і выжыла. Я абавязаны сказаць усім маладым людзям, маладзейшым за мяне, якія не мелі такога досведу: “Ніколі больш вайны!”.

Яго не пачулі тыя "маладыя людзі", якія вялі вайну і не змаглі пабудаваць мір. Ірак пацярпеў ад тэрарызму, нападаў, бомбаў, спусташэння. Сацыяльная структура была знішчана. Гэта стала бачна пасля ўварвання тэрарыстаў з Ісламскай дзяржавы ў 2014 г., і разбурэння, пераследу, гвалту, якія ісламісты прынеслі на іракскую зямлю.

Сотні тысяч хрысціян былі вымушаныя пакінуць свае дамы, каб шукаць прытулку за мяжой. У краіне ранняй евангелізацыі, старажытнага Касцёла, які бярэ пачатак ад апостальскай пропаведзі, сёння хрысціяне чакаюць візіту Францішка як глыток свежага паветра. Папа абвясціў аб сваёй волі паехаць у Ірак, каб суцешыць католікаў, праявіць блізкасць да тых, хто пакутуе, і спрыяць сваёй прысутнасцю працэсам прымірэння, аднаўлення і міру.

Па гэтай прычыне, нягледзячы на рызыкі, звязаныя з пандэміяй і бяспекай, нягледзячы на нядаўнія напады, Папа поўны рашучасці не расчараваць іракцаў, якія яго чакаюць, і адправіцца ў краіну.

Тарніелі лічыць, што сэрцам першай міжнароднай паездкі пасля пятнаццаці месяцаў прымусовай ізаляцыі з прычыны наступстваў Covid-19 стане наведванне Ур, горада, з якога адправіўся патрыярх Абрагам. Гэта дасць магчымасць памаліцца разам з вернікамі іншых рэлігій, у тым ліку мусульманамі, нанова адкрыць прычыны братэрскага суіснавання, аднавіць грамадскую структуру, важнейшую за этнічныя адрозненні і фракцыі, і адправіць пасланне на Блізкі Усход і ўвесь свет.
 

02 сакавіка 2021, 14:58