Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Францішак і іслам: аспекты вучэння

Лейтматыў вучэння Папы аб міжрэлігійных адносінах – патрэба ў рэлігійнасці, якая дазволіць шанаваць Бога і любіць братоў, а таксама працаваць дзеля справядлівасці і міру, - лічыць Андрэа Тарніелі.

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ ў сваёй аўтарскай калонцы на Vatican News звярнуў увагу на існаванне “чырвонай ніткі”, якая спалучае тры важныя прамовы Францішка на тэму міжрэлігійнага дыялогу, у прыватнасці дыялогу з ісламам: у Азербайджане ў 2016 г., у Егіпце ў 2017 г. і падчас падарожжа ў Ірак, у Ур Халдэйскім.

Першая з прамоў была скіравана да азербайджанскіх шыітаў і прадстаўнікоў іншых рэлігійных супольнасцей краіны. Другая – да мусульманскіх сунітаў, а трэцяя – да больш шырокай міжрэлігійнай аўдыторыі, у якую акрамя мусульманскай большасці і хрысціян, уваходзілі прадстаўнікі старажытных рэлігій Месапатаміі.

Паводле Тарніелі, Папа не заплюшчвае вочы на адметнасці кожнага, але заклікае быць вернікамі, якія, грунтуючыся на ўласнай рэлігійнай тоеснасці, не прымаюць інструменталізацыі рэлігіі для распальвання нянавісці, падзелаў, тэрарызму, дыскрымінацыі, а таксама сведчаць у грамадстве краін, усё больш і больш секулярызаваных, пра тое, што мы маем патрэбу ў Богу.

У Баку Францішак нагадаў пра “вялікае заданне” рэлігій, якое заключаецца ў “суправаджэнні людзей у пошуку сэнсу жыцця, дапамагаючы ім разумець, што абмежаваныя магчымасці чалавека і даброты гэтага свету не павінны абсалютызавацца”.

У Каіры ён сказаў, што “чалавецтва не можа дасягнуць міру выключаючы Бога з гарызонта”, зводзячы рэлігію выключна да прыватнай сферы, не прызнаючы яе неад’емнага значэнне для чалавека і грамадства.

Падчас візіту ў Ур Папа падкрэсліў, што “сапраўдная рэлігійнасць” заключаецца ва ўшанаванні Бога і любові да бліжняга, а таксама заклікаў рэлігійных лідараў выступіць супраць насілля ў адносінах да чалавечай годнасці і правоў чалавека, выкрываць спробы апраўдання нянавісці рэлігіяй і асудзіць іх.

Ва ўсіх трох папскіх прамовах звяртаецца ўвага на ролю рэлігійнасці ў свеце, дзе пераважае спажывальніцтва і адмаўленне ад сакральнага, і дзе вера зводзіцца да асабістай справы.

Такім чынам Папа ўказвае шлях рэлігіям для садзейнічання дабру грамадства: гэта праца на карысць міру і клопат пра канкрэтныя патрэбы апошніх, бедных, безабаронных; прапанова па-братэрску крочыць разам, быць будаўнікамі міру і справядлівасці, нягледзячы на адметнасці, з павагай да тоеснасці іншых.

Тарніелі заўважыў, што людзей, якія ідуць гэтым шляхам можна было ўбачыць падчас падарожжа ў Ірак: гэта маладыя мусульмане, якія дапамагалі сваім братам хрысціянам бараніць цэрквы ў Багдадзе, а таксама вызнаўца мандэізму, што ахвяраваў жыццё за мусульманіна, сведчанне пра якога Папа пачуў у Уры.
 

10 сакавіка 2021, 13:13