Пошук

Вакцынацыя ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Вакцынацыя ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота 

Элемазінарый: вакцынацыя – жэст блізкасці да тых, хто пакутуе

Пра падрабязнасці вакцынацыі бяздомных, арганізаванай у Ватыкане, распавёў Vatican News Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі.

Менавіта папская дабрачынная структура была ініцыятарам антыкавіднай кампаніі на карысць бедных падчас Вялікага тыдня. Гэта канкрэтны выраз рэалізацыі закліку Папы да залучэння ўсіх, незалежна ад сацыяльнага статусу і ўзроўню дастатку, у кампанію па вакцынацыі. Францішак часта нагадвае, што, сутыкнуўшыся з праблемай, якая не ведае меж, нельга ставіць бар'еры, мы ўсе ў адной лодцы, - нагадаў кардынал Краеўскі.

“Людзі, якім будуць рабіць прышчэпкі падчас Вялікага тыдня, з'яўляюцца жыхарамі нашых начных прытулкаў у Рыме і за яго межамі, гэта тыя, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі. Вось чаму мы вырашылі запрасіць іх у Ватыкан падчас Вялікага тыдня і зрабіць ім прышчэпкі сіламі медыкаў-добраахвотнікаў, якія штодня працуюць у нашых амбулаторыях. Мы вельмі хацелі, каб яны прайшлі вакцынацыю як і ўсе супрацоўнікі Святога Пасаду”, - падкрэсліў кардынал Краеўскі.

Іерарх бачыць сімвалізм таго, што кампанія праходзіць у дні, калі Касцёл узгадвае муку Хрыста, бо гаворка ідзе пра дапамогу людзям, якія не па чутках ведаюць, што такое пакуты.
 

30 сакавіка 2021, 11:58