Пошук

Vatican News
Сястра Нурыя Кальдуч-Бэнахэс, Сакратар Папскай біблійнай камісіі Сястра Нурыя Кальдуч-Бэнахэс, Сакратар Папскай біблійнай камісіі 

Кальдуч-Бэнахэс: прысутнасць жанчын адкрывае гарызонты ў Касцёле

Прысутнасць жанчын у структурах Святога Пасаду – гэта “станоўчы і значны элемент, які адкрывае гарызонты ў Касцёле”, - пераканана сястра Нурыя Кальдуч-Бэнахэс, новапрызначаная Сакратар Папскай біблійнай камісіі.

У інтэрв’ю Vatican News жанчына прызналася, што навіна пра яе зацвярджэнне на новай пасадзе выклікала ў ёй здзіўленне і адначасова ўдзячнасць усім тым людзям, якія ў яе паверылі.

Сястра Нурыя з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і з Назарэта расказала пра свой досвед трохгадовай працы (2016-2019) у Камісіі па вывучэнні магчымасці дыяканату жанчын, сцвердзіўшы, што гэты вопыт узбагаціў яе “як з інтэлектуальнага, так і з рэлігійнага пункту гледжання”.

Эксперт у галіне Святога Пісання, сястра Нурыя лічыць, што жанчыны могуць зрабіць каштоўны ўнёсак у вывучэнне Божага Слова, дзякуючы сваім “кампетэнцыі, інтарэсам і перспектыве”.

“Узяць, напрыклад, вывучэнне жаночых біблійных постацей, іх аповедаў, ужытых жаноцкіх метафар, жаночай герменеўтыкі і многіх іншых аспектаў. Сорак гадоў таму, калі жанчыны-біблісты былі амаль нябачнымі, гэтая тэматыка і падыход да Святога Пісання не вывучаліся ў біблійным асяроддзі. Сёння ж іх каштоўнасць прызнаюць і мужчыны, і жанчыны, а публікацыі становяцца ўсё больш шматлікімі”, - заўважыла суразмоўніца.

Кальдуч-Бэнахэс стала першай жанчынай у гісторыі на пасадзе Сакратара Папскай біблійнай камісіі. Пра тое, што Францішак зацвердзіў яе кандыдатуру, стала вядома 9 сакавіка 2021 г.

Жанчына паходзіць з Іспаніі і з’яўляецца экспертам у біблістыцы, выкладчыцай Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. У структурах Святога Пасаду яна працуе з 2014 г. Сястра Нурыя выкладае таксама ў Папскім біблійным інстытуце ў Рыме і з’яўляецца пастаянным супрацоўнікам Каталіцкай біблійнай федэрацыі, аўтарам спецыялізаваных друкаваных выданняў, уваходзіць у склад навуковага камітэта часопіса Гісторыя жанчын (выданне ўніверсітэта Фларэнцыі) і серыі Дысертацыі і манаграфіі (іспанскае выдавецтва Verbo Divino).
 

16 сакавіка 2021, 10:56