Пошук

Vatican News
Кардынал Ёзэф Ратцынгер, 1998 г. Кардынал Ёзэф Ратцынгер, 1998 г.  

Заслугі Бэнэдыкта XVI у выкрыцці злоўжыванняў духавенства

Бэнэдыкт XVI, яшчэ як прэфект Кангрэгацыі веравучэння, стараўся раскрыць выпадкі сексуальных злоўжыванняў духавенства адносна непаўналетніх і пакараць вінаватых.

На гэта звярнуў увагу падсакратар Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, кс. Маркус Грауліх у артыкуле для Die Tagespost. "З аналізу адпаведных дакументаў відаць, што з самага пачатку Ёзэф Ратцынгер быў зацікаўлены ў раскрыцці інфармацыі, выяўленні злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх у Касцёле і кампенсацыі ахвярам, тым самым даказваючы аўтарытэт Касцёла", - звярнуў увагу салезіянін.

Паводле яго, саміт па абароне непаўналетніх, скліканы Францішкам у лютым 2019 г. у Ватыкане, стаў важнай падзеяй у прадухіленні і раскрыцці выпадкаў педафіліі ў Касцёле. Большасці праблем, якія там абмяркоўваліся і вырашаліся, папярэднічала шматгадовая праца Бэнэдыкта XVI.

Ён займаўся праблемай педафіліі сярод духавенства з сярэдзіны 1980-х гадоў з мэтай ініцыяваць і развіць нормы Кананічнага права ў гэтай праблематыцы. Нягледзячы на супраціў, гэта яму ўдалося. Напрыклад, з 2002 г. Кангрэгацыя веравучэння мае магчымасць адмяніць тэрмін даўнасці для любога з выпадкаў. Гэта было заслугай кардынала Ратцынгера.

Акрамя распрацоўкі і прымянення адпаведных прававых нормаў, ён імкнуўся прадухіліць новыя выпадкі злоўжыванняў. Таму ўжо як Пантыфік загадаў правядзенне візітацыі семінарый у Ірландыі і ЗША і ўвёў больш строгія нормы прыёму семінарыстаў.

“Ён не толькі ўнёс свой уклад у рэальнае ўдасканаленне крымінальнага заканадаўства, але на працягу дзесяцігоддзяў у сваіх публікацыях указваў на глыбінныя прычыны крызісу: недахопы ў тэалогіі, крызіс маральнай тэалогіі, недахопы ў выбары і адукацыі кандыдатаў да святарства і, што не менш важна, страта веры ў прысутнасць Бога, даверу да Яго слова і Яго запаведзяў”, - напісаў нямецкі кананіст.

Паводле кс. Грауліха, разважанні Ратцынгера далі ключ да "сапраўднага абнаўлення" ў Касцёле. "У той жа час спосаб, якім ён займаўся праблемай злоўжыванняў у Касцёле, паказвае, што кардынал Ратцынгер - Бэнэдыкт XVI быў “супрацоўнікам праўды” на працягу ўсяго свайго жыцця, нават калі многія не хочуць слухаць яго і аддаюць перавагу ісці сваім шляхам”, - заўважыў намеснік сакратара Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.
 

19 лютага 2021, 11:18