Пошук

Падчас пасяджэння Рады па эканамічных пытаннях. Ілюстрацыйнае фота Падчас пасяджэння Рады па эканамічных пытаннях. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: пасяджэнне Рады па эканамічных пытаннях

Зацвярджэнне бюджэту Святога Пасаду на 2021 г., працэдуры вядзення фінансавай справаздачнасці і прызначэнне афіцыйных аўдытараў сталі галоўнымі тэмамі пасяджэння Рады па эканамічных пытаннях.

Члены структуры сабраліся 16 лютага 2021 г. днём. Сустрэча пад старшынствам кардынала Рэйнхарда Маркса, з прычыны эпідэмічных абмежаванняў, прайшла ў інтэрнэце.

Як паведаміла Зала Друку, рашэнні Рады па арганізацыі ўнутраных фінансаў Апостальскай Сталіцы засноўваюцца на motu proprio Una migliore organizzazione з 28 снежня 2020 г., у якім Папа рэкамендуе з большай стараннасцю і празрыстасцю падыходзіць да фінансавага кіравання, а таксама аптымізаваць кіраўнічыя структуры Святога Пасаду ў гэтай сферы.

У жніўні 2020 г. Францішак абнавіў склад ведамства. У яго ўвайшлі сем іерархаў і сем прафесіяналаў у фінансах і гаспадарчай дзейнасці.

Амаль усе свецкія члены Рады – гэта жанчыны: Шарлота Крэйтар-Кіршхоф з Германіі, выкладчыца міжнароднага і еўрапейскага права ва ўніверсітэце Дзюсельдорфа; Марыя Колак, таксама з Германіі, якая шмат гадоў працавала ў Берлінскім народным банку; Марыя Кансэпсьён Асакар Гарайкаэцыа з Іспаніі, спецыяліст па кіраванні інвестыцыямі; Ева Касцільё Санс, таксама з Іспаніі, што ўваходзіць у склад назіральных рад фінансавых структур; Рут Мэры Кэлі з Вялікабрытаніі, якая ў 2004-2008 гг. была міністрам адукацыі ў лейбарысцкім урадзе; Лэсіль Джэйн Фэрар, таксама з Вялікабрытаніі, у 2015-2017 гг. скарбнік наступніка брытанскага трона прынца Чарльза. Свецкі мужчына – гэта Альберта Міналі з Італіі, які да гэтага часу кіраваў інвестыцыйнымі і страхавымі кампаніямі.

У склад ведамства ўваходзяць таксама кардыналы: Пэтэр Эрдо з Венгрыі, Адзілью Пэдру Шэрэр з Бразіліі, Жэрар Лакруа з Канады, Джозэф Уільям Тобін з ЗША, Ларс Андэрс Арбарэліюс са Швецыі і Джузэпе Петрокі з Італіі.

Наступнае пасяджэнне Рады па эканамічных пытаннях, якая звычайна збіраецца раз на два месяцы, запланавана на красавік.
 

18 лютага 2021, 12:07