Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: дапаможнік для ініцыятывы “24 гадзіны для Пана”

Папская рада па новай евангелізацыі падрыхтавала дапаможнік для рэалізацыі ініцыятывы “24 гадзіны для Пана”. Сёлетняя тэма: “Ён адпускае ўсе беззаконні твае” (Пс 103, 3).

Матэрыялы, распрацаваныя Святым Пасадам, улічваюць абмежаванні, звязаныя з пандэміяй каронавіруса. У гэтым годзе вернікі ў розных кутках свету збяруцца на малітве вечарам 12 сакавіка 2021 г. Многія храмы застануцца адкрытымі на працягу 24 гадзін, каб даць дадатковую магчымасць прыступіць да споведзі.

Папская рада па новай евангелізацыі рэкамендуе, каб сакрамэнт пакаяння адбываўся ў кантэксце Эўхарыстычнай адарацыі. Набажэнства можа распачацца Літургіяй слова ў пятніцу вечарам і завяршыцца св. Імшой у другой палове дня ў суботу.

У месцах, дзе па прычыне эпідэмічных абмежаванняў няма магчымасці здзяйсняць сакрамэнты і дзе літургія можа праводзіцца з абмежаванай колькасцю вернікаў, рэкамендуецца арганізаваць анлайн-трансляцыю Эўхарыстычнай адарацыі, каб такім чынам падрыхтаваць вернікаў да дасканалага жалю за грахі.

У першай частцы брашуры змешчаны тэксты, якія дапамогуць зрабіць рахунак сумлення, шчыра раскаяцца, добра падрыхтавацца да споведзі і свядома перажыць сустрэчу з Божай міласэрнасцю. Тэксты другой часткі прызначаны для малітоўнага чування. Тут знаходзяцца малітвы і разважанні над Божым словам.

Паводле аўтараў, дапаможнік – універсальны, яго матэрыялы выходзяць за рамкі самой ініцыятывы. Іх можна выкарыстоўваць таксама падчас падрыхтоўкі катэхез аб важнасці пакаяння і споведзі.

“24 гадзіны для Пана” рэалізуюцца з 2013 г. Сутнасць ініцыятывы ў тым, каб у кожнай дыяцэзіі ў свеце дзверы прынамсі некалькіх касцёлаў заставаліся адчыненымі на працягу цэлых сутак, каб даць магчымасць усім, хто жадае, правесці час у малітве і паспавядацца.
 

26 лютага 2021, 11:08