Пошук

Кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр. Ілюстрацыйнае фота 

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння: мы больш не інквізіцыя

Гісторыя Кангрэгацыі Веравучэння дагэтуль уплывае на яе, бо людзі не заўсёды ўсведамляюць глыбокія перамены, якія ў апошні час адбыліся ў Касцёле і Рымскай курыі, - заўважыў кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр.

“Мы больш не інквізіцыя. Спісу [забароненых кніг] больш не існуе”, - сказаў прэфект найстарэйшай структуры Рымскай курыі ў інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

“Наша місія заключаецца ў падтрымцы і абароне веравучэння. Гэта місія заўсёды будзе неабходнай у Касцёле, абавязкам якога з’яўляецца перадача вучэння апосталаў новым пакаленням. Тое, што называюць “захаваннем сапраўднага вучэння”, з’явілася раней за інквізіцыю, ужо ў Новым Запавеце. Аб гэтым сведчыць мноства Сабораў, сінодаў і г.д. Вядома, спосаб выканання гэтай задачы змяніўся на працягу стагоддзяў і можам меркаваць, што будзе змяняцца яшчэ. Але клопат пра вернасць вучэнню апосталаў застанецца заўсёды”, - патлумачыў кардынал Фэрэр.

Нягледзячы на тое, што Кангрэгацыя Веравучэння дзейнічае ў Рыме, яе місія з’яўляецца паўсюднай, а апублікаваныя ёй дакументы тычацца ўсяго Касцёла. Яна праводзіць кансультацыі па пытаннях веравучэння таксама з епіскапатамі асобных рэгіёнаў свету і сустракаецца з іерархамі мясцовых Касцёлах у рамках іх візітаў “ad limina Apostolorum”.

Каментуючы заклік Папы выходзіць на перыферыі, кардынал звярнуў увагу на тое, што “перыферыі” могуць быць не толькі геаграфічнымі, але таксама тычыцца жыцця і праблем людзей, у першую чаргу звязаных з беднасцю і злоўжываннямі. Кангрэгацыя Веравучэння захоўвае ўвагу да такіх сітуацый, запэўніў прэфект.

Кангрэгацыя Веравучэння мае свае карані ў заснаванай у 1542 г. Паўлам ІІІ Святой Рымскай і Паўсюднай Інквізіцыі – камісіі з шасці кардыналаў, заданнем якой быў нагляд за чысцінёй веры. У яе кампетэнцыю ўваходзілі пытанні ерасяў і схізмаў. З 1555 г. яна пачала займацца таксама пытаннямі маральнасці. У 1908 г. структура стала называцца Кангрэгацыяй Святой Канцылярыі, а ў 1965 г. – Кангрэгацыяй Веравучэння. З 2001 г. яна займацца ў тым ліку сексуальным злоўжываннямі ў Касцёле.
 

04 лютага 2021, 10:13