Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Палья: жывём на 20 гадоў даўжэй, але не ведаем, нашто

Сёння ўсе жывуць на 20 ці 30 гадоў даўжэй, але праблема ў тым, што мы не ведаем, як пражыць гэты дадатковы час і для чаго ён патрэбны, - лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья, Старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Іерарх падкрэсліў, што бясспрэчнай задачай бабуль і дзядуль з'яўляецца перадача веры маладым пакаленням. Старэйшыя асобы рабілі гэта нават там, дзе не існавала такой магчымасці, дзе гэта было катэгарычна забаронена, напрыклад, у савецкай імперыі, - звярнуў увагу арцыбіскуп.

Сёлета ўпершыню ў чацвёртую нядзелю ліпеня ў Касцёле будзе адзначацца Міжнародны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей. Паводле іерарха, ініцыятыву папы Францішка павінны падхапіць не толькі ў Касцёле, але і ў грамадстве ў цэлым.

Гэты Дзень дапамагае зразумець глыбокі сэнс чацвёртай запаведзі: шануй бацьку і маці. Звычайна яе адносяць да маленькіх дзяцей, але на самой справе яна тычыцца ўсіх, - адзначыў Старшыня Папскай акадэміі.

“Усведамленне абавязацельстваў, якія вынікаюць з гэтага, значна аслабла ў апошнія гады. І сёння ўпершыню ў гісторыі разам жывуць чатыры пакаленні. Гэта не азначае, што ў мінулым не было пажылых людзей. Было, але значна менш, не цэлае пакаленне. Іх называлі трэцім узростам. Сёння яны – чацвёрты ўзрост. Гэта дазволілі навуковы прагрэс і развіццё сферы аховы здароўя. Сёння ўсе жывуць на 20 ці 30 гадоў даўжэй. Аднак праблема ў тым, што мы не ведаем, як пражыць гэты дадатковы час і для чаго ён патрэбны. Больш за тое, наша грамадства чатырох пакаленняў нагадвае чатырохпавярховы будынак без лесвіцы і ліфта. Яно не можа справіцца з адносінамі паміж пакаленнямі”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Палья.

Іерарх падкрэсліў, што пажылых людзей, нават з такімі сур'ёзнымі захворваннямі, як Альцгеймер, нельга ізаляваць. Іх прысутнасць – гэта жывы ўрок для грамадства. Яны нагадваюць іншым пакаленням пра тое, што ўсе мы слабыя і наша жыццё нетрывалае. У такой сітуацыі адзіным рашэннем з'яўляецца клопат адно пра аднаго. Па словах Старшыні Папскай акадэміі жыцця, гэта сведчанне асабліва важна ў нашым грамадстве, якое ўзвышае моцных, прыгожых і багатых.
 

24 лютага 2021, 12:18