Фінансавыя сродкі Святога Пасаду павінны служыць апостальскім мэтам. Гэты прынцып Папа пацвердзіў, прызначыўшы ў структуру, якая займаецца кіраваннем маёмасцю і фінансамі Апостальскай Сталіцы, прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і прэфекта Кангрэгацыі евангелізацыі народаў.
Адміністрацыю маёмасці Апостальскай Сталіцы стварыў Павел VI 15 жніўня 1967 г. Структура нясе адказнасць за кіраванне маёмасцю і фондамі, якія неабходны для дзейнасці Рымскай курыі. Святы Айцец жадае, каб яе бюджэт насіў “місійны характар”. 1 студзеня 2021 г. Адміністрацыі быў перададзены кантроль над рэсурсамі, якімі распараджаўся Дзяржаўны сакратарыят, уключаючы фонд “Грош св. Пятра”.