Пошук

Vatican News
Вокладка новай біяграфіі бл. Карла Акуціса Вокладка новай біяграфіі бл. Карла Акуціса 

Кардынал-прэфект: пашыраецца культ бл. Карла Акуціса

У свеце расце ўвага да бл. Карла Акуціса – заўчасна памерлага 15-гадовага праграміста і інтэрнэт-евангелізатара, беатыфікаванага 10 кастрычніка 2020 г. у Асізі.

На актуальнасць сведчання благаслаўлёнага “энтузіяста інтэрнэту” звярнуў увагу прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі, кардынал Марчэла Сэмерара. Нагодай стала прэзентацыя новай біяграфіі Карла Акуціса, якая выйшла ў Ватыканскім выдавецтве.

Кнігу Ад інфарматыкі да неба. Карла Акуціс (Dall’informatica al cielo. Carlo Acutis) напісаў Нікола Горы, пастулятар беатыфікацыйнага працэсу Карла Акуціса.

Вокладка кнігі была падрыхтавана сумесна з лічбавай платформай “VatiVision”, якая займаецца распаўсюджваннем аўдыё- і відэаматэрыялаў на каталіцкую тэматыку. QR-код, змешчаны на ёй, адсылае на сайт, прысвечаны благаслаўлёнаму. Тут таксама можна паглядзець фільм аб ім: “Мая аўтастрада на Неба”.

Кардынал Сэмерара нагадаў, што новы благаслаўлёны меў здольнасці ў галіне інфарматыкі і выкарыстоўваў іх для распаўсюджвання Евангелля і пашырэння эўхарыстычнага культу. На яго прыклад шмат разоў звяртаў увагу Францішак, калі размаўляў з моладдзю.

Прэфект заўважыў, што для кананізацыі бл. Карла Акуціса неабходны цуд, здзейснены праз яго заступніцтва. Ужо паступіла некалькі паведамленняў з Лацінскай Амерыкі аб меркаваных цудах. Аднак абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, пакуль перашкаджаюць праверыць іх на месцы, што вельмі важна ў такога роду пытаннях.

Хлопец быў праграмістам-самавукам, які захапляўся відэагульнямі, але гэта не перашкаджала яму быць пабожным чалавекам, шчырым вернікам, які любіць Бога і дапамагае людзям. Калі яму было 11 гадоў, ён стварыў сайт-каталог, у якім сабраў інфармацыю пра эўхарыстычныя цуды.

Па словах маці Карла, ён быў звычайным падлеткам, любіў гуляць у футбол і камп’ютэрныя гульні, але заўсёды вельмі ўважлівым да іншых. Жанчына патлумачыла, што з дзяцінства ён дапамагаў абяздоленым, займаўся дзецьмі з праблемных сем'яў, абараняў аднакласнікаў ад нападкаў іншых школьнікаў, аддаваў грошы жабракам.

Карла Акуціс памёр ад лейкеміі ў 2006 г. ва ўзросце 15 гадоў. Ён ахвяраваў свае пакуты за Хрыста, за папу Бэнэдыкта XVI і за Касцёл.
 

25 лютага 2021, 12:42