Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал Кох: пандэмія павінна стаць часам пакаяння

Пандэмія павінна стаць часам пакаяння, посту, міласэрнасці, ласкі і малітвы, - падкрэсліў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Ватыканскі іерарх прыняў удзел у анлайн-сустрэчы на тэму “Касцёл і пандэмія – выклікі і перспектывы”. Яна была арганізавана Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Аддзелам знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Нагодай стала 5-я гадавіна сустрэчы Святога Айца Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, якая адбылася 12 лютага 2016 г. на Кубе.

Кардынал Кох заўважыў, што адразу пасля гаванская сустрэчы было вырашана штогадова адзначаць гэту падзею і ўзгадваць пра яе гістарычную важнасць. Было прынята рашэнне кожны год разважаць пра адзін з пунктаў сумеснай Дэкларацыі, падпісанай прадстаяцелямі Цэркваў. Сёлета такой тэмай стала пандэмія, хоць яна не ўзгадвалася ў дакуменце.

Пандэмія прымушае задумацца пра пэўныя аспекты нашага супольнага жыцця, якія раней успрымаліся як належнае, напрыклад, пра сацыяльныя адносіны. Мы павінны лепш усведамляць нашу прыродную еднасць і пакліканне да большай салідарнасці, - сцвердзіў іерарх.

Старшыня Папскай рады нагадаў, што пандэмія стварае шмат псіхалагічных праблем. Яна стала прычынай эканамічнага крызісу, цяжкім выклікам для сістэмы аховы здароўя, адкрыла шмат пытанняў у сферы палітыкі і кіравання, бо многія дзяржавы ўвялі абмежаванні, якія парушаюць фундаментальныя правы чалавека. “Гэтыя правы не парушаліся на такім узроўні, напэўна, ад падзення таталітарных рэжымаў у Германіі і Савецкім Саюзе”, - дадаў кардынал.

Іерарх заўважыў, што пандэмія ўдарыла таксама па фундаментальных аспектах жыцця Касцёла: у розных краінах магчымасць правядзення літургічных цэлебрацый была моцна абмежавана ці ўвогуле скасавана ў перыяд lockdown. З гэтым звязаны не толькі палітычныя пытанні, такія як рэлігійная свабода вернікаў, але і душпастырскія.

Пандэмія ставіць таксама вялікія выклікі для рэлігіі і веры хрысціян. Кардынал Кох заўважыў, што высокая смяротнасць, сотні тысяч хворых, пакуты людзей і іншыя праблемы, звязаныя з каронавірусам, падштурхоўваць да рэфлексіі над рознымі тэмамі, а кагосьці нават вядуць да сумневаў адносна існавання Бога, Яго дабрыні і ўсемагутнасці. Іерарх нагадаў вядомы выраз, згодна з якім “пакуты з’яўляюцца апорай атэізму”.

Калі Цэрквы жадаюць зрабіць унёсак у вырашэнне гэтых праблем, у першую чаргу яны павінны адказаць на пандэмію, абапіраючыся на ўласную веру. Пандэмія можа быць таксама з’явай духоўнай прыроды, падобнай на Вялікі пост ці 40-гадовае вандраванне Ізраэля па пустыні. “Мы павінны паклапаціцца, каб яна стала для нас часам пакаяння, посту і міласэрнасці, ласкі і малітвы”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.
 

13 лютага 2021, 10:11