Пошук

Vatican News
Сцяг Ватыкана Сцяг Ватыкана 

Гадавіна стварэння Дзяржавы Ватыкан

92 гады таму, 11 лютага 1929 г. Каралеўства Італія і Святы Пасад падпісалі так званыя Латэранскія пагадненні, згодна з якімі паўстала суверэнная Дзяржава Ватыкан, суб'ект міжнароднага права.

Пачынаючы з 1870 г., узаемаадносіны паміж Святым Пасадам і Італьянскай дзяржавай вызначаліся існаваннем “Рымскага пытання”. Яго сутнасць заключалася ў імкненні Пантыфікаў дабіцца аднаўлення палітычнай незалежнасці, якая аказалася пад пагрозай у выніку ліквідацыі Папскай дзяржавы і пераносу сталіцы Італіі ў Рым.

Лічылася, што каб быць свабодным у сваёй рэлігійнай дзейнасці, Папа павінен валодаць паўнатой палітычнай свабоды. Адсюль і тая настойлівасць, з якой Пантыфікі спрабавалі забяспечыць сабе тэрытарыяльны суверэнітэт і юрысдыкцыю на пэўнай тэрыторыі на працягу амаль 60 гадоў (1870-1929 гг.).

У выніку падпісання Латэранскіх пагадненняў 11 лютага 1929 г. з’явілася Дзяржава Ватыкан. Яго мяжа з Італіяй мае працягласць у 3,2 км і ідзе па Леанінскіх мурах да каланады плошчы св. Пятра і пасля захоплівае левую каланаду.

Ватыкан да гэтай пары існуе ў межах, усталяваных у 1929 г. Пагадненні не пераглядаліся да 1984 г., калі ў тэкст канкардату, які разам з дамовай і фінансавай канвенцыяй з’яўляецца часткай Латэранскіх пагадненняў, былі ўнесены змены. Аднак яны не датычыліся ні тэрыторыі Ватыкана, ні свецкай улады Пантыфікаў у яе межах.
 

11 лютага 2021, 10:40