Пошук

Кс. Ханс Цольнэр Кс. Ханс Цольнэр 

Эксперт пра эфекты ватыканскага саміту па абароне непаўналетніх

За апошнія два гады ўсведамленне неабходнасці барацьбы са злоўжываннямі ў Касцёле значна ўзрасло, - мяркуе кс. Ханс Цольнэр, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Дырэктар навучальнага цэнтра, які займаецца гэтай праблемай у Папскім грыгарыянскім універсітэце, падкрэсліў, што Дзень малітвы і пакаяння за грахі злоўжыванняў, які прайшоў у многіх краінах, з'яўляецца відавочным сігналам таго, што нельга ўцякаць ад праблемы.

Нямецкі езуіт нагадаў, што 21 лютага 2021 г. мінула два гады з часу ватыканскай сустрэчы па пытаннях абароны непаўналетніх. На яго думку, гэта ініцыятыва Францішка ўжо прыносіць канкрэтныя плёны, бачныя і нябачныя.

“Відаць канкрэтныя наступствы ў сферы касцёльнага заканадаўства. Папа абнародаваў motu proprio Vos estis lux mundi, новы закон, які вызначае, напрыклад, працэдуры для біскупаў, правінцыялаў і генералаў манаскіх кангрэгацый, якія не выконваюць кананічнае заканадаўства, калі здзяйсняюць халатнасць або прыкрываюць выпадкі злоўжыванняў. Гэта адзін з самых важных плёнаў”, - лічыць эсперт.

Цольнэр нагадаў, што ў снежні 2019 г. Папа ўвёў пакаранне за распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі, павялічыўшы ўзроставы парог да 18 гадоў. Ён таксама адмяніў папскую таямніцу ў выпадку злоўжыванняў.

Нябачны плод паспеў у сэрцах людзей. Удзельнікамі ватыканскага саміту сталі старшыні епіскапатаў і прадстаўнікі манаскіх кангрэгацый. Шмат хто з іх пакінуў Рым са змененым сэрцам. Яны гэта публічна прызналі. Удзельнікі пачулі сведчанні ахвяр і зразумелі, што прадухіленне злоўжыванняў – гэта не маргінальная тэма, але неад'емная частка місіі Касцёла. Таму эксперт па абароне непаўналетніх “глыбока перакананы”, што гэта навяртанне сэрца прынясе плён, які ператворыцца ў канкрэтныя дзеянні.
 

23 лютага 2021, 14:27