Пошук

Дзяржсакратар: Ватыканскае радыё прабіла “жалезную заслону”

Дзякуючы Ватыканскаму радыё прысутнасць Бога дасягнула таталітарных рэжымаў, якія адмаўлялі Яго існаванне, - нагадаў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.

З нагоды 90-годдзя з дня заснавання папскай радыёстанцыі, якое адзначалася 12 лютага 2021 г., бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка ўзначаліў ранішнюю Эўхарыстыю пры Алтары кафедры ў ватыканскай базыліцы св. Пятра. У прынялі ўдзел кіраўніцтва і супрацоўнікі Ватыканскага радыё.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што сучасны свет патрабуе добрага паслання, а камунікацыя – аздараўлення. У наш час СМІ звяртаюць больш увагі не на чалавека, а на тое, што можа прынесці выгаду, - заўважыў ён. Кардынал Паралін таксама звярнуў увагу на некалькі фундаментальных аспектаў камунікацыі: адкрытасць на свет, паўсюднасць і кантакт са слухачамі.

“Ватыканскае радыё ад самага пачатку было знакам адкрытасці на свет. Не толькі з “геаграфічнага” пункту гледжання, дасягаючы самых далёкіх куткоў свету, але таксама з “гістарычнага”, будучы вяхой у развіцці камунікацыі. Вынаходніцтва Гульельма Марконі было ў тэхналагічным авангардзе. Таксама і сёння трэба адкрывацца з новым позіркам на патрабаванні часу, якія змяняюцца”, - сцвердзіў ён.

Іерарх заўважыў, што Ватыканскае радыё стварыла сетку, якая ахапіла ўвесь свет, стаўшы выразам паўсюднасці Каталіцкага Касцёла і Пятровага служэння. “Яно дазваляе людзям, якія знаходзяцца на адлегласці ў тысячы кіламетраў маліцца ў адзін голас. Яго пасланне, будучы сучасным рэхам старажытнай Пяцідзесятніцы, дасягае далёкіх народаў на розных мовах пад знакам Духа, які прыходзіць да ўсіх і аб’ядноўвае ўсіх. Ватыканскае радыё нават здолела прабіць “жалезную заслону”. Дзякуючы яму прысутнасць Бога дасягнула таталітарных рэжымаў, якія адмаўлялі Яго існаванне”, - падкрэсліў кардынал.

Гаворачы пра важнасць актыўнага і непасрэднага кантакту са слухачамі Дзяржсакратар нагадаў як у гады Другой сусветнай вайны Ватыканскае радыё дапамагала людзям адшукаць сваіх блізкіх, што зніклі без вестак ці трапілі ў палон. Пра важнасць асабістага кантакту з людзьмі казаў таксама Пантыфік у нядаўнім пасланні на Сусветны дзень сацыянальнай камунікацыі, - дадаў ён.

Кардынал Паралін заклікаў супрацоўнікаў Ватыканскага радыё ставіць у аснову свайго служэння шчырыя адносіны з Богам, каб быць адкрытымі на патрабаванні часу і захоўваць паўсюднасць у якасці адметнай рысы.
 

12 лютага 2021, 15:39