Пошук

Vatican News
Папа Францішак і Патрыярх Маскоўскі Кірыл падчас сустрэчы ў Гаване Папа Францішак і Патрыярх Маскоўскі Кірыл падчас сустрэчы ў Гаване 

Анлайн-сустрэча ў гадавіну сустрэчы Папы і Патрыярха Маскоўскага

У 5-ю гадавіну сустрэчы Святога Айца Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, якая адбылася 12 лютага 2016 г. на Кубе, пройдзе анлайн-сустрэча на тэму: “Касцёл і пандэмія – выклікі і перспектывы”.

Відэа-канферэнцыю арганізавалі сумесна Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству і Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Падчас яе возьмуць слова кардынал Курт Кох і Мітрапаліт Іларыён, кіраўнікі ўзгаданых структур.

Выступяць таксама епіскап Панцеляймон, старшыня Сінадальнага аддзела Маскоўскага Патрыярхату па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні, і арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.

Сумесныя каталіцка-праваслаўныя мерапрыемствы ва ўспамін аб сустрэчы Пантыфіка і Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы праводзяцца рэгулярна. У мінулыя гады яны прайшлі ў Фрыбургу, Вене, Маскве і Рыме. Падчас сустрэч абмяркоўваліся актуальныя для абедзвюх канфесій выклікі: сітуацыя хрысціян на Блізкім Усходзе, пытанні чалавечага жыцця і біяэтыкі, экуменізм святых. Сёлета ў цэнтры ўвагі будуць праблемы, звязаныя з пандэміяй каронавіруса.
 

11 лютага 2021, 11:26