Пошук

Vatican News
Біскуп Нунцыа Галанціна і папа Францішак Біскуп Нунцыа Галанціна і папа Францішак 

Адміністрацыя маёмасці: “місійнасць” бюджэту Святога Пасаду

Медыйныя спекуляцыі вакол ініцыятывы “Грош св. Пятра” існавалі заўсёды, - зазначыў на старонках італьянскага каталіцкага часопіса Vita Pastorale біскуп Нунцыа Галанціна.

Кіраўнік Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы нагадаў, што яшчэ ў часы Пія ХІ антыклерыкальныя газеты шырока пісалі пра неналежнае выкарыстанне грошай у Ватыкане, каб такім чынам дэматываваць вернікаў, а масонскія асяродкі аказвалі ціск на італьянскі ўрад, каб увогуле забараніць збор ахвяраванняў на патрэбы Папы.

Біскуп заўважыў, што скандалы вакол ініцыятывы “Грош св. Пятра” ў 1980-я гг, звязаныя з кепскім распараджэннем рэсурсамі, паўплывалі на змяншэнне колькасці ахвяраванняў. Але з абраннем Францішка на Пасад св. Пятра ў 2013 г. пачала назірацца станоўчая дынаміка – сума ахвяраванняў вырасла да 78 млн еўра. Годам раней яна складала 66 млн.

Паводле ватыканскага іерарха, гэты факт вельмі важны, бо кажа пра важнасць сведчання прадстаўнікоў Касцёла. Яно спрыяе не толькі прыняццю людзьмі евангельскага паслання, але таксама робіць іх гатовымі ахвяраваць больш. Тое ж тычыцца і парафій: празрыстае і карэктнае кіраванне ахвяраваннямі, адкрывае шлях шчодрасці.

Біскуп Галанціна паінфармаваў, што сродкі, сабраныя ў рамках ініцыятывы “Грош св. Пятра”, накіроўваюцца на апостальскія і дабрачынныя мэты, якія Папа рэалізуе праз структуры Рымскай курыі. Выдаткі на функцыянаванне гэтых устаноў – у тым ліку на заробкі амаль 5 тыс. ватыканскіх супрацоўнікаў – пакрываюцца за кошт прамых ахвяраванняў і прыбытку, атрыманага ад кіравання маёмасцю Апостальскай Сталіцы. Частка ахвяраванняў на гэтыя мэты вылучаецца з фонда “Грош св. Пятра”, бо гаворка ідзе пра місійную дзейнасць.

“Кожная дыкастэрыя і структура выконвае служэнне, а кожнае служэнне – каштуе. Былі гады, калі выдаткі былі ніжэйшымі за прыбытак. Дзякуючы гэтаму атрымалася стварыць рэзервовы фонд, якім дагэтуль кіраваў Дзяржаўны сакратарыят. На працягу апошніх гадоў магчымасці адкладаць грошы не было”, - зазначыў ён.

Біскуп падкрэсліў, што нават у перыяд пандэміі выдаткі да дзейнасць, звязаную з служэннем Папы і місіяй Касцёла, не былі зменшаны. Але згодна з указаннямі Святога Айца ідзе праца па рацыяналізацыі і ўмацаванні празрыстасці выкарыстання сродкаў Апостальскай Сталіцы, у тым ліку фонда “Грош св. Пятра”.
 

04 лютага 2021, 11:18