Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: пасля першай дозы вакцыны антыцелы ў 99% медработнікаў

Ватыканскі шпіталь Bambino Gesù падзяліўся вынікамі маніторынгу, праведзенага на 21 дзень пасля першай фазы вакцынацыі супраць COVID-19. У 99% упершыню вакцынаваных медработнікаў утварыліся антыцелы.

Вынік узрастае да 100% праз 7 дзён пасля ўвядзення другой дозы вакцыны. Ужо каля 3 тыс. медыкаў прайшлі першы этап вакцынацыі, каля 1,5 – другі. Даследаванне выявіла таксама, што паказчык прадуцыравання колькасці спецыфічных антыцелаў у 50 разоў вышэйшы за адмоўны парог, і гэта ўжо пасля першай дозы вакцыны; пасля другой – так званы тытр антыцелаў прыблізна ў 1000 разоў перавышаў парог адмоўнасці. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень патэнцыяльнай абароны.

Таксама былі атрыманы станоўчыя дадзеныя аб імуналагічным фоне: усяго праз 7 дзён пасля першага ўвядзення ў 80% выпадкаў адбылося павышэнне колькасці В-клетак памяці, якія падтрымліваюць выпрацоўку антыцелаў, а ў 64% прышчэпленых назіралася значнае павелічэнне колькасці Т-клетак памяці, якія каардынуюць імунны адказ супраць віруса.

Пачынаючы з 14-га дня пасля першай дозы не было зафіксавана выпадкаў заражэння сярод прышчэпленых медыцынскіх работнікаў. 7 чалавек заразіліся каронавірусам, але гэта адбылося да заканчэння двухтыднёвага тэрміну; у іх былі слабыя сімптомы і адсутнасць неабходнасці ў шпіталізацыі.

Карла Фэдэрыка Пэрна, загадчык аддзела мікрабіялогіі і дыягностыкі імуналагічнага аддзялення Bambino Gesù лічыць, што першыя вынікі клінічнай практыкі пацвярджаюць эфектыўнасць вакцыны, гэта з'яўляецца шматабяцальным і пацвярджае карыснасць масавай вакцынацыі супраць COVID-19.
 

28 студзеня 2021, 11:46